Светлый фон

Ашэнбаха ўжо не цікавіў адпачынак у крэсле: ён выпрастаўся, быццам падрыхтаваўся да ўцёкаў ці да абароны. Але рогат, прынесены ветрам пах лякарні і суседства прыгажуна спляліся ў адзінае п’янкое пачуццё, якое неразрыўна і неадольна запаланіла яго розум ды пачуцці. Ва ўсеагульнай узбуджанасці і разгубленасці ён наважыўся скіраваць свой позірк на Тадзю, і акурат у гэты час ён, мусіць, заўважыў, што прыгажун, адказваючы на яго ўвагу, таксама меў сур’ёзны выгляд – абсалютна такі, быццам ён арыентуецца на паводзіны і выраз твару іншага і быццам агульны настрой на яго, як і на Ашэнбаха, ніяк не ўздзейнічае. Гэтае дзіцячае і ўзаемнае перайманне мела штосьці такое абяззбройвальнае, магутнае, што чалавек, у якога ўжо галава пасівела, з цяжкасцю ўстрымліваўся, каб не затуліць свой твар далонямі. Яму таксама падалося, што, устаючы, Тадзя глыбока ўздыхаў, што яму ціснула ў грудзях. "Ён выглядае хваравітым – мусіць, ён не дажыве да старасці", – зноў падумаў ён з той дзелавітасцю, у якую да гэтага часу дзіўным чынам выліваліся затлумленасць і палкае пачуццё, а яго душу напаўняў шчыры клопат разам з разбэшчаным задавальненнем.

Тым часам венецыянцы скончылі свой выступ і пайшлі. Іх праводзілі воплескамі, а іхні кіраўнік не забыўся аздобіць адыход жартамі. Людзі смяяліся з яго паклонаў ды з паветраных пацалункаў, і з гэтай прычыны ён падвоіў іх колькасць. Калі гэтая кампанія ўжо выйшла з саду, ён яшчэ зрабіў выгляд, быццам ён, бегучы задам наперад, балюча наляцеў на ліхтарны слуп, і, скурчыўшыся ад болю, паплёўся да брамы. Там ён нарэшце скінуў з сябе маску смешнага блазна, выпрастаўся, эластычна падскокнуў, нахабна высунуў у бок публікі на тэрасе язык і знік у змроку. Група купальшчыкаў рассыпалася; Тадзя ўжо даўно не стаяў каля балюстрады. Але самотны Ашэнбах яшчэ доўга сядзеў за столікам, выклікаючы незадавальненне афіцыянтаў, і пацягваў рэшткі граната-апельсінаваго соку. Ноч набліжалася, адчуванне часу знікла. У бацькоўскім доме, шмат гадоў таму, меўся пясочны гадзіннік – ён раптам зноў убачыў перад сабою гэтую кволую, але значную прыладу. Бясшумна, тоненькім струменьчыкам пясок іржавага колеру сцякаў праз шкляную адтулінку, і ў варонцы, крышку скрыўленай уверсе, утвараў невялічкі, але бурлівы вір.

Ужо назаўтра папаўдні ўпарты Ашэнбах зрабіў новы крок да пазнавання знешняга свету, і гэтым разам надзвычай паспяхова. Ён зайшоў з плошчы Святога Марка у англійскае турыстычнае бюро, якое месцілася там, і, памяняўшы на касе такія-сякія грошы і нацягнуўшы на твар міну недаверлівага турыста, задаў сваё фатальнае пытанне клерку, які абслугоўваў яго. Гэта быў англічанін, апрануты ў шарсцяны касцюм, яшчэ малады, з прамым праборам, з блізка пасаджанымі вачыма і тою саліднаю прыстойнасцю, якая на свавольным поўдні выклікае нязвыклае, дзіўнае ўражанне. Ён пачаў: "Няма прычыны быць заклапочаным, сэр. Нязначнае мерапрыемства. Такія прадпісанні часта выдаюцца, каб папярэдзіць шкодныя для здароўя уздзеянні спякоты і сірока…" Але, уздымаючы позірк сваіх бакітных вачэй, ён сустрэўся са змораным, з налётам смутку, паглядам, які быў скіраваны на яго вусны з лёгкаю пагардаю. Англічанін зачырванеўся. "Гэта, – напаўголаса працягваў ён, крышку захваляваўшыся, – афіцыйнае тлумачэнне, пацвярджаць якое тут лічыцца правільным. Я ж Вам скажу, што за гэтым хаваецца і штосьці іншае". І потым ён прамовіў, у сваёй правільнай і зручнай манеры, праўду.