Светлый фон

 

 

Дзякуй — Thank you!

Дзякуй — Thank you!

 

Гэтая кніга не пабачыла б сьвету без удзелу, парадаў, сумеснай працы й дапамогі многіх людзей у Амэрыцы, Беларусі й Чэхіі.

Барбра й Бэрнард Ошэры, вядомыя ў Каліфорніі калекцыянэры мастацтва й філянтропы, усталявалі стыпэндыю для дасьледнікаў з Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода дзеля працы ў Гувэраўскім інстытуце вайны, рэвалюцыі й міру ў Стэнфардзкім унівэрсытэце. Праз шкляную сьцяну іх апартамэнтаў на апошнім паверсе аднаго з самых высокіх у Сан-Францыска будынкаў адкрываецца ашаламляльны від на знакаміты мост над Залатой бухтай і акіян, але падчас размовы можна пераканацца, што гаспадароў цікавяць і рэчы, якія хаваюцца за гарызонтам у далёкай эўрапейскай краіне, што параўнальна нядаўна зьявілася на палітычнай мапе сьвету.

Калі ўлетку 2000 прэзыдэнт радыё Томас Дайн і дырэктар вяшчаньня Джэфры Трымбал абвясьцілі свой выбар першага дасьледніка для падарожжа ў Стэнфард, я ня ведаў, што буду пісаць кнігу, але менавіта іх рашэньне й дапамога калегі Рычарда Ўіста, а таксама Дона Джэнсэна й Роса Джонсана зрабілі магчымай гэтую працу.

Кіраўнікі Гувэраўскага інстытуту вайны, рэвалюцыі й міру Джон Рэйсіян і Чарлз Палм стварылі ўсе ўмовы для плённай працы ў архіўных сховішчах і бібліятэках, даўшы магчымасьць шырокага доступу да віру інтэлектуальнага жыцьця ў праслаўленым Стэнфардзкім унівэрсытэце.

Калі каму, як мне, пашчасьціць сустрэцца з Эленай Дэніэлсан, дырэктарам архіваў і бібліятэкі Гувэраўскага інстытуту, той пераканаецца, што архіўная справа — адна з самых жывых, неверагодна цікавых і захапляльных. Энэргічны энтузіязм Элены й яе веданьне да драбніцаў гістарычных скарбаў гувэраўскага сховішча нікога не пакідае абыякавым. Сваё сямейнае прозьвішча пад падзякай, адрасаванай зь Берасьця ў Амэрыку, я пабачыў выпадкова, але зусім невыпадкова менавіта Элена Дэніэлсан прынесла на мой стол у чытальнай залі вялізную тэчку лістоў Гербэрту Гувэру. Зь яе лёгкай рукі наступныя тры месяцы з глыбіняў сховішча былі выцягнутыя дзясяткі скрынак з назвамі Менск, Віцебск, Гомель, дзе чакалі свайго часу дакумэнты найбуйнейшай гуманітарнай дапамогі Беларусі ў XX стагодзьдзі.

Сяброўскія парады й падтрымка куратара калекцыі Расеі й краінаў СНД Джозэфа Дўаера й яго асыстэнткі Эмі Дэсаі зрабілі працу мэтанакіраванай, плённай і прыемнай. Архівістка Кэрал Лідэнгам адшукала ўнікальныя фатаздымкі да кнігі. Я таксама ўдзячны за спрыяньне супрацоўнікам Гувэраўскага інстытуту Анатолю Шмялёву й Гітэр Вагнэр.

Летапісец амэрыканскай беларушчыны Вітаўт Кіпель прыслаў мне ў Стэнфард падрабязны артыкул, прысьвечаны дзейнасьці АРА ў Беларусі, які ў 1978 годзе апублікавалі «Запісы» Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку. Аўтар самага першага дасьледаваньня — ягоная дачка Алеся, якая прысьвяціла АРА сваю дыплёмную працу ў Прынстанскім унівэрсытэце. Спадарыня Алеся ахвотна кансультавала мяне й падказвала важныя крыніцы.