Светлый фон
— Так, сапраўды. Насамрэч, у мяне ёсьць некалькі ягоных вудаў і рыбацкі рыштунак. Калі мне было сем гадоў, дзед узяў мяне з сабой на рыбу ў Орэган. Мы лавілі стронгу. І ён вельмі выразна растлумачыў мне, што ёсьць адзіны спосаб лоўлі стронгі — на штучную муху. І паколькі мне было толькі сем гадоў, мне дазвалялася карыстацца штучнай мухай на гачку з зазубенем, які не дае рыбе сарвацца. Але калі мне споўнілася восем, гачок быў без зазубеня — гэта азначала, што мне ўжо трэба падвысіць майстэрства, каб злавіць рыбу. І яшчэ адно патрабаваньне дзеда — я мусіў зьесьці ўсё, што злавіў і прынёс дахаты. Ліміт быў дванаццаць рыбаў. Дзевяці- ці дзесяцігадоваму хлопчыку даволі цяжка зьесьці дванаццаць рыбінаў за дзень. Так што назаўтра я ўжо практыкаваў рыбалку «злавіць — выпусьціць» — задоўга да таго, як гэты спосаб набыў папулярнасьць. Я прыносіў толькі адну ці дзьве рыбіны — і ўсё. Думаю, мой дзед зразумеў неабходнасьць аховы навакольля й экалёгіі вельмі-вельмі даўно. І ён быў выдатным рыбаком. Ён мог злавіць рыбу, калі ніхто больш ня мог. Нават прэзыдэнцкія ахоўнікі губляліся ў здагадках, як яму гэта ўдавалася. А ён мог.

Гербэрт Гувэр змог тое, што не ўдавалася да яго й пасьля яго нікому. Ён дапамог мільёнам людзей перажыць голад і эпідэміі першай усясьветнай вайны й бальшавіцкага перавароту. Цяпер, у гэты момант, сярод тых, хто чытае гэтыя радкі ў Беларусі, напэўна ёсьць людзі, чые сем’і выжылі дзякуючы амэрыканскай дапамозе.

Нікало Макіявэлі, чыё імя ў палітычнай гісторыі звычайна асацыюецца зусім не з сэнтымэнтальнасьцю, а з жорсткім прагматызмам, пісаў у XVI стагодзьдзі:

«Акт гуманізму ва ўсе часы будзе мець большы ўплыў на людзкую сьвядомасьць, чым гвалт і лютасьць».

XX стагодзьдзе засьведчыла аднак, што таталітарны рэжым здольны пазбавіць грамадзтва памяці.

Апошняе пытаньне, на якое я папрасіў адказаць унука Гербэрта Гувэра, як і першае, тычылася XXI стагодзьдзя.

— Што дзеці і ўнукі людзей, якіх уратавала АРА, маглі б зрабіць сёньня, каб гэта зрабіла ягонага дзеда шчасьлівым?

— Добрае пытаньне… Магчыма — рабіце, што можаце, каб людзі ўведалі — што зрабіў Гербэрт Гувэр.

— Добрае пытаньне… Магчыма — рабіце, што можаце, каб людзі ўведалі — што зрабіў Гербэрт Гувэр.