Светлый фон

Вядома, Гнюсэль увечары прыехаў да яе дадому, выбачаўся, цалаваў рукі, казаў, што налічыў ёй на картку заробак за год, каб тая яго выбачыла, бо яму нельга губляць гэтую працу, у яго тут усё жыцьцё.

Ну канешне, у яго тут усё жыцьцё, а тое, што недзе ў іншай краіне яго чакаюць жонка з дачкою, ня ўлічваецца.

Ніяцкая. Як толькі гатэль адбудавалі, Ніяцкая была ці ня першаю ўзятая на працу, і гэтым страшэнна ганарылася. Жанчына каля шасьцідзесяці, з высока паднятымі грудзямі, доўгімі валасамі. Пагадзіцеся, ня кожны ў такім узросьце будзе насіць доўгія валасы і выглядаць раскошна, а Ніяцкая так выглядае, і ведае гэта, і высока цэніць сябе. Яе адразу паставілі кіраваць спа, бо спа, як вядома, найбольш цьмяна зразумелы й цяжкі для раскруткі сэгмэнт гатэльнага бізнэсу: усё залежыць ад майстроў, ад кваліфікацыі й якасьці і ад таго, як кліенты будуць вяртацца. Але Ніяцкая плявала на ўсе ўмоўнасьці, жанчына з характарам сталёвым, закаленым, ганарыстая сваімі чэскапольскімі каранямі да адурэньня. І, здавалася б, усё добра, але ж… але… Ніяцкая на працягу двух гадоў не віталася ні з кім. Прынцыпова. Яна глядзела ў столь, і калі нават і азіралася ў ваш бок, то толькі як на перашкоду на дарозе. Уявіць яе пагарду вельмі цяжка, апісаць – амаль немагчыма. Ніяцкая – увасоблены гонар. Вось ты тут па калідоры ідзеш, а насустрач табе жанчына-карабель плыве на велічэзных шпільках, бляндыністыя валасы ў розныя бакі, гострыя дужкі акуляраў… Ідзе, цокае і варушыць з боку ў бок сваімі сьцёгнамі, сьцянутымі чорнаю спадніцай вышэй калена… Вагонь, полымя, ты супыняеш хаду, прыціскаешся да сьцяны, надрыўным галаском: “Добры дзень, Антаніна Вацлаўна…” А яна як ішла, так і пайшла сабе далей, нават не паглядзеўшы на цябе. Стаіш, хвалюесься і адчуваеш, як халаднеюць спатнелыя далоні.

Ніяцкая

У рэшце рэшт зь Ніяцкай перасталі вітацца і, калі здалёк чулі, што яна ідзе, стараліся зь ёю не перасекчыся. І аднойчы нейкім дзіўным днём яна прывяла свайго сына, падшыванца зь іракезам, уладкавала яго рознарабочым і раптам пачала вітацца і камунікаваць са сьветам, нават працягнула вітацца, калі яе сын праз тры тыдні сышоў з працы… Усе потым вырашылі, што Антаніне Вацлаўне цяжка даецца сацыялізацыя… Чаго ж вы хочаце, жанчына амаль усё жыцьцё працавала ў Гарвыканкаме.

А далей, з часам Ніяцкая вырашылася нават на шчырасьці са сваім асабістым бухгальтарам, распавяла, што марыць сустрэць багатага мужчыну… Бухгальтар, вядома, пра сябе пасьмяялася з дурной шасьцідзесяцігадовай бабы, а потым увечары, калі стаяла ў ванным пакоі і ўзважвалася пасьля фітнэсу, глядзела на сябе, дваццацітрохгадовую, і разважала, што шанцаў у Ніяцкай знайсьці багатага мужчыну, роўна як і ў яе, – як пашчасьціць, бо гэты сьвет багаты на абсурд.

Сястра

Сястра

Як бы ні адбываюцца ў сьвеце войны, прыродныя катаклізмы ці эпідэміі, усё адно прырост насельніцтва ідзе ў геамэтрычнай прагрэсіі. У адным месцы людзі паміраюць, у іншым іх нараджаецца ўдвая, а то і ўтрая больш. І кожны з нас мае калі ня брата ці сястру, то кузэна ці кузыну, калі ня кузэна ці кузыну, то дзядзьку альбо цётку… Выпадак Ніндзі не выключэньне, нават наадварот: такія людзі, як ён, маючы мільёны, раскіданыя па банках Эўропы, аточаны толькі сваякамі і вельмі набліжанымі сябрамі, якіх таксама акрамя як сваякамі й не назавеш. Бізнэс кіруецца сям’ёю, бізнэс перадаецца па сваяцтве, за бізнэс перажываюць адразу пяць буйных сямействаў, і патэнцыйнымі будучымі ўладальнікамі сэткі гатэляў лічацца адразу 22 хлопцы і 13 дзяўчат. Што тут скажаш, яны ў любым выпадку мусяць спачатку пасталець і дачакацца сьмерці ня толькі Ніндзі, але і ягонай сястры Хундзі.

Хундзя не кіруе гатэлямі і пра гатэльны бізнэс ведае столькі, колькі ёй дазваляюць набліжаныя да Ніндзі калегі і інвэстары. Такім чынам, Хундзя існуе дэ-юрэ, але дэ-факта яна з гэтым даўно не лічыцца.

Нам сказалі, што на тыдзень мусіць прыехаць сястра Ніндзі. Яна ні разу не была ў Менску, і нам трэба быць заўсёды падрыхтаванымі да нечаканасьцяў.

– Якіх нечаканасьцяў?!

– Ну, пані Хундзя можа ўкусіць, – прамовіла галоўны мэнэджар Міхаліна.

– Што?

– Кажу: пані Хундзя можа ўкусіць, таму не палохайцеся, зрабіце выгляд, што нічога не адбылося!

“Калі яна мяне ўкусіць, я выб’ю ёй зубы, і похуй на тое, што адбудзецца потым!” – Скажыце, а яна не заразная? Калі кусаць будзе, нам зробяць уколы ад шаленства ці там ад “гатэльнай сямейнаклянавай хваробы”?

– Так, давайце бяз жартаў, я сур’ёзна… У нас, можна сказаць, у гатэлі па ўсіх сэкцыях, інстанцыях, нумарах і паверхах – ваеннае становішча, камэнданцкі час, бо калі для вас раней наш дзядуля падаваўся старым і злосным, то вы проста ня бачылі яго роднай сястры! Карацей, ахтунг! Усе сабраныя, пры парадзе і з усьмешкамі на тварах!

Хундзя прыляцела на сваім прыватным самалёце, акурат і проста зь Нью-Ёрку, дзе наведвала наш манхэтанскі гатэль і, без сумневаў, ябала пэрсанал усім, што траплялася пад руку… Яе адразу прывезьлі ў гатэль, і на руках, літаральна на руках – з двух бакоў, трымаючыся “пад ручкі”, павесіўшы на ахоўнікаў сваё маленькае, са сьпіны нібыта дзіцячае цела, – пані Хундзя паляцела празь лесьвіцы й паверхі ў прэзыдэнцкі нумар.

Заўвага. Калі Хундзя пад’ехала да гатэля, першае ейнае распараджэньне было: “Прыбраць з холу гатэля ўсіх людзей, пастаяльцаў, бэлбояў і з хостэсу пакінуць толькі адну дзяўчыну, але самую прыгожую, і каб яна не высоўвался з-пад рэцэпцыі, пакуль я сама не папрашу”.

Заўвага

Такім чынам, пад рукі з двума СВАІМІ ахоўнікамі Хундзя праляцела, як прывід, амаль нікім не заўважаная, у свой нумар.

Другое распараджэньне: “Пакуль мая пэрсона будзе ў ванным пакоі, у нумар абавязкова прынесьці сьвежую садавіну, цёплы круасан і цёплае малако зь мёдам, але прынесьці так, каб я гэтага ня чула і нікога ня бачыла, бо мы хочам адпачываць у ванным пакоі”.

Варта дадаць, што Хундзі за дзевяноста, але выглядае яна на семдзесят. З кіпцюрамі драпежніка, вельмі хударлявая, ссушаная, як чарнасліў, як мумія. Ніхто не разумее, як магчыма такі прывід пакінуць сам-насам у ванным пакоі: захлынецца гэтая фашыстка – і што рабіць будзем? Што скажам Ніндзю, калі ўвесь пэрсанал гатэлю паставяць ва ўнутраным дворыку да сьценкі і ўсё, што застанецца апошняй карцінкаю перад сьмерцю, – руля аўтамата й чырвоны, наліты злосьцю твар Ніндзі… ПОМСТА!

Раніца, ваза з садавіною была прынесеная, афіцыянтка пракралася па пухнатым паласавым пакрыцьці ў ваўняных зімовых шкарпэтках, ахоўнік басанож за ёю… Але яны не сышлі адразу, спыніліся каля дзьвярэй ваннага пакою, прыслухоўваюцца. РАПТАМ пачулася, як хтосьці плюхаецца ў вадзе.

ЖЫВАЯ!

Афіцыянтка і ахоўнік як пушынкі – з нумару ў калідор. А ў калідоры іх ужо чакае Міхаліна.

– ЖЫВАЯ! – разам адказваюць афіцыянтка і ахоўнік.

– Цудоўна, цяпер празь дзесяць хвілін нясем малако й мёд!

Хундзя памылася, выйшла з ванны, зьела банан, папіла малако, на круасан нават не паглядзела і абвясьціла, што зьбіраецца спаць гадзіну, але пакуль яна будзе спаць, ёй мусяць прынесьці першы сьняданак, але таксама каб яна нікога ня бачыла і ня чула.

Наперадзе цэлы тыдзень! Тыдзень! Самы сапраўдны тыдзень вар’яцтва!

Пасьля абеду Хундзя папрасіла да сябе ў нумар кухара, які гатаваў ёй ежу.

Усё, гамон, адразу паляцелі чуткі, што зьявілася першая ахвяра! Бедны кухар, бедны італіец! Такі цудоўны быў мужчына! Бедны Агусьціно Бальтасарэ!

Хундзя пабачыла кухара, павольна да яго падышла, ну як той курдупель Цахес, ну копія! Падышла яна да яго, узяла пад руку і наказала зрабіць ёй экскурсію па гатэлі!

Агусьціно працуе тут шэф-кухарам год, дасканала ведае нулявы паверх і ўсе свае тры кухні, але якая экскурсія па гатэлі? Італіец з дрыготкаю ў нагах папрасіў у дапамогу кагосьці з мэнэджараў. Хундзя паглядзела ў глыбокія цёмныя вочы мужчыны, наказала прывесьці ўсіх мэнэджараў і, акінуўшыкожнуюікожнагавокам, абралаЮліюЦімафееўну— мэнэджара спа-цэнтру. І да самай позьняй ночы гэтая бабулечка цягала змарнелых супрацоўнікаў па нумарох і паверхах, зазірала ў пакоі для пэрсаналу, паўсюль совала свой стары нос, праводзіла пальцамі па сьценках і парэнчах, шукала пыл і бруд, нават здолела нагою адкалупнуць плітку на падлозе і на першым паверсе расшатаць, як стары зуб, правую парэнчу каля выхаду з гатэля. Хундзя на ўсё скрадзілася, усё крытыкавала, была незадаволеная да скрайняй ступені, хадзіла з кіслым тварам, на якім і да скрыўленьня была процьма зморшчынак, а пасьля незадаволенасьці і ўвогуле твар быў падобны да кары дрэва.

Пані Хундзя была абураная ўсім на сьвеце. Хваліла толькі шэфа Агусьціно – і ўсё. Сапраўды, больш нікога яна не любіла і гатэль называла “дзяшоўкай”.

Пад самы вечар пані Хундзі захацелася зрабіць прычоску на сваёй лысай галаве, дзе на макаўцы тырчэла роўна шэсць кароткіх валаскоў. Прынесьлі яе ў салён. Праз дваццаць хвілін усе мусілі ўжо зачыняцца. Хундзя, вядома, забараніла. Віталю не пашчасьціла, як ён ні маліўся ўсім багам сьвету, каб сёньня ніякія Хундзі не завіталі, а заўтра – хоць Армагедон, бо ў яго два дні выходных. Менавіта калі ён ужо быў упэўнены, што дзень заканчваецца як мае быць, лёс не прымусіў доўга сябе чакаць.

Віталь спрабаваў памыць гэтае непаразуменьне, дакладней – старэчую галаву ў мойцы… Хундзя напаўляжаланапаўсядзела нейкім чынам на правы бок, рукі моцна сьціснула ў кулакі, ды так, што з-пад аднаго пазногця ішла кроў… Галава яе дрыгалася кожныя тры сэкунды, вада праз гэта зацякала ёй за сьпіну, яна ненавідзела Віталя… Яна ненавідзела Віталя і тады, калі ён спрабаваў зрабіць укладку на яе кароткі старэчы пух. Укладка не атрымалася… Хундзя, як дзіцёнак, споўзшы з крэсла, дала сябе аднесьці з салёна, нічога не сказаўшы…