Албанец узяў і накіраваўся да дырэктара гатэлю і накапаў таму, што ў ягоным гатэлі працуе, у хостэсе, на рэцэпцыі, сука тая яшчэ, абразіла яго, выставіла лайном непадцертым перад іншымі мужчынамі і кліентамі гатэлю, не дала, падла, тэлефон і нават знаёміцца не пажадала, што ж гэта за гасьціннасьць?! Гнюсэль доўга не разважаў, палічыў, колькі гэты албанец плоціць за нумар, даведаўся, колькі той спусьціў даляраў за ноч у казыно і за хвіліну, адным тэлефонным званком выгнаў Волю з працы… якая, у гонар будзе ёй сказана, праз тыдзень ужо працавала галоўным мэнэджарам вэлнэс-клюба на суседняй з гатэлем вуліцы і, калі б да яе завітаў той жа албанец, нават не разважаючы, адарвала б яму ўсё, што й заплянавала адарваць дзеля помсты.
Здароўе
Здароўе
Ніндзя зьехаў на выспу, Гнюсэль лёг у бальніцу, дзеля прафіляктыкі, Асамкацін зьехаў пагрэцца на Балі… У гатэлі лунае свабода, свавольства і бачна, што людзі ўсьміхаюцца і працуюць у сваё задавальненьне. За ўсё адказвае Міхаліна, а зь ёю кожны працоўны дзень – як сьвята.
Усе раптоўна паразьяжджаліся, бо зь Ніндзем здарыўся ўдар. Адным вечарам яго забралі ў бальніцу на хуткай, а потым у гатэлі ён зьявіўся толькі праз два месяцы, дакладней – зьявілася цень ад Ніндзі: яго правезьлі на каталцы ў напаўляжачым стане праз цэнтральны хол і паднялі на ліфце ў свае карункавыя пакоі. Тое, як ён выглядаў, ні ў кога не выклікала сумневу, што гэта проста абалонка ад чалавека, бо Ніндзя дакладна памёр.
Дырэктар міжнароднай сэткі гатэляў адмовіўся вяртацца дамоў, адмовіўся ехаць да сям’і, сказаў, каб яго цела перавезлі ў гатэль, ён хоча быць бліжэй да маладосьці, хоча адчуць, хоць і ў апошні раз, свой статус “босфрэнда”, як ён любіў казаць у мінулыя часы, калі ішоў падскокваючы за чарговай дзяўчынкай: “Хочаш, каб я быў тваім босфрэндам, дарагая? Гэта зараз модна сярод дзяўчат! Я буду рабіць кожны дзень табе падарункі, глядзі, зараз у маёй руцэ гадзіньнікі…” Ну як тут не спыніцца, не зірнуць хаця б на падарунак… Босфрэнд!
На жаль, час ідзе, і гэта – удар, а потым сьмерць – мусіла б быць лягічным завяршэньнем і так звышяскравага і багатага жыцьця… Але Ніндзю прывезьлі ў ягоны нумар, ён там паспаў, паляжаў пад кропельніцай і наступным вечарам напаўляжаў на сваёй каталцы ў бары і ў вачах ягоных іскрыла і бляск ішоў такі, што любому станавілася зразумела: гэты чалавек так проста ня сыдзе, ён закаханы ў жыцьцё, у свае грошы і беларускіх дзяўчат, ён зробіць усё, каб падоўжыць сваё існаваньне яшчэ на колькі год. І надышоў дзень, калі Ніндзя сказаў, што хоча дадому… усе гэта зразумелі як апошняе жаданьне чалавека, які ўжо шчыльна наблізіўся да сьмерці, але Гнюсэль падазрона зьехаў на лячэньне і самы блізкі сябра Асамкацін зьляцеў… Тое, што Ніндзя едзе ў нейкую сакрэтную клініку, ведалі толькі гэтыя двое мужчын, таму ў гатэлі кожны дзень усе чакалі, калі абвесьцяць траўр па памерлым гаспадары. Але траўр ніхто не абвяшчаў, ішлі тыдні… Вось прыехалі Гнюсэль – бадзёры і расчырванелы, Асамкацін – загарэлы да карычневай корачкі і патаўсьцелы яшчэ на пяць кіляграмаў… Гатэль вярнуўся ў свой звычайны працоўны стан: фірмовая ўсьмешка на рэцэпцыі, шчырыя афіцыянты, бадзёры абслугоўваючы пэрсанал.
Мінула пяць месяцаў, у гатэлі ўжо абвыклі жыць безь дзядулі, як раптам ягоны самалёт нечакана прызямліўся ў аэрапорце Мінск–1.
Міхаліна на курылцы сказала, што едзе Ніндзя, і ўсе пачалі яго чакаць, уяўляючы, як гэтае старое цела з кропельніцамі й пад пледамі прывязуць у ягоны нумар, як трэба будзе за ім даглядаць… Відаць, месцам сьмерці Ніндзя абраў менскі гатэль, ну нічога, хоць чымсьці будзем вядомыя ў сьвеце.
Машына пад’ехала да цэнтральнага ўваходу, дзьверы адчыніліся і на ходнік скокнуў стары мужчына, выгладам каля сямідзесяці, жвавы, усьмешка на ўвесь твар, зубы новыя, нават валасы на патыліцы зьявіліся, цёмныя… Ніндзя скінуў колькі кіляграмаў і каля двух дзясяткаў год, ружовашчокі, сьвежы, нават ніколі б і не сказаў ніхто, што гэты трухлявы пянёк паўгода таму на сваім васьмідзесяцішасьцігодзьдзі атрымаў абшырны ўдар і ляжаў гароднінай…
Ніндзя празь дзьве прыступкі ўляцеў у гатэль, сказаў ахоўнікам, што ідзе ў нумар – душ, пераапрануцца – і пасьля хоча есьці і бачыць перад сабою дырэктара і ўсіх мэнэджараў, пачынаючы ад спа і заканчваючы рэстарацыямі, барамі й казыно.
Людзі пачалі цікавіцца, бо, як вядома, за любым цудам стаіць шэраг падзеяў і крокаў, якія робяць цудам штосьці звычайнае. Адзін з праграмістаў адшукаў інфармацыю, прычым даволі таямнічым шляхам, што Ніндзя, як і іншыя мільярдэры ў сьвеце, маючы грошы, ня толькі кіруюць папуляцыяй сьвету праз вакцыны, як Біл Гейтс, але ім даступны ўсе супэрмэдычныя рэчы і экспэрымэнтальныя пігулкі, пра якія звычайныя сьмяротныя ніколі не даведаюцца. Праграміст распавёў на курылцы, што, магчыма, Ніндзя прайшоў ня проста нейкі ўзмоцнены курс тэрапіі ствалавымі клеткамі, магчыма, прэзыдэнт сеткі гатэляў скарыстаўся апэрацыямі па перасадцы органаў, бо гэткім чынам нашмат хутчэй стаць на ногі. Сярод пэрсаналу дакладна лічаць, што сэрца ён сабе памяняў, бо столькі віягры можа вытрымаць толькі маладое юнацкае сэрца.
Касмэтоляг
Касмэтоляг
Касмэтоляг на прозьвішча Чайкоўская ў гатэлі самая папулярная, нягледзячы на тое, што працуе ў штаце зь яшчэ трыма спэцыялістамі. Чайкоўская стаіць асобна ад сваіх калегаў выглядам і стаўленьнем да жыцьця. Чайкоўская – за сьпінай яе празвалі Гадзіла – самая сапраўдная хвароба й перабольшаньне ўва ўсіх сэнсах гэтых словаў, калі пытаньне датычыць ботэксу. Колькі разоў яна не зьяўлялася на карпаратывах – на ўсіх групавых і асобных фотаздымках яна выглядае як сьмерць, выглядае як прыклад таго, што НЕЛЬГА РАБІЦЬ СА СВАІМ ТВАРАМ! Гэта ніякім чынам не спалучаецца зь яе прафэсіяй, бо яна мусіць рабіць людзям чыстыя і прыгожыя твары, аднак замест гэтага спакушае ўсіх на тое, каб пакалоць лоб, бо зморшчынкі на ім, альбо запампаваць колькі спэцвадкасьці ў верхнюю губу. Чайкоўскую шчыра ўсім шкада. Нават калі яна праглядае фоткі ад гатэльнага фатографа праз унутраную рассылку для працаўнікоў, так бы мовіць справаздачу па тым, як адарваліся на агульнай п’янцы і дзе яна сапраўды здольная напужаць каго заўгодна, толькі прамаўляе, скрушна так: “Ну я ж казала, што мяне трэба фоткаць бяз выбліску!”
Гэтае абсурднае стаўленьне да сваёй зьнешнасьці: скура па краёх вачэй нацягнутая такім чынам, што нават калі Чайкоўскую асьляпляюць падчас фотаздымка, яна застаецца з напаўрасплюшчанымі вачыма, альбо яе вусны – гэта асобныя выспы, якія захрасьлі ў возеры ботэкса, які падцягвае скулы і робіць іх гэамэтрычнымі… верхняя губа – апошні віскат (ну праўда што!) моды – заячая… грудзі, Бог мой! Грудзі – два вялікіх баскетбольных мяча!
І як бы Чайкоўская ні імкнулася падцягнуць скуру ў свае пяцьдзясят два гады, яе выдаюць старыя рукі…
Чайкоўскую напэўна шкадавалі б і добра да яе ставіліся б, калі б тая сама супраць сябе не паставіла людзей, і, нягледзячы на тое, што працуе яна шмат і кожны дзень у яе “пад завязку”, гэта ўсё кажа толькі пра тое, што сучаснасьць стварыла з жанчын тупых кароў, якія прыходзяць у гатэльны спа і сядзяць у чэргах, каб зрабіць не, ня пілінг і не амаладжальную маску, але адразу ўколы ў патрэбныя месцы. І тут я не кажу ўжо пра ўзрост, на які можна ставіць зьніжку праз маразм альбо яшчэ штосьці, я тут кажу пра маладых авечак, якім у сярэднім ад дзевятнаццаці да дваццаці пяці і якія, аднойчы трапіўшы на чыстку свайго юнацкага твару, патрапілі пад уплыў гэтай далёка не музычнай жанчыны.
– Ой! А што ж гэта ў вас з вуснамі, даражэнькая, зусім танюткія, бледныя і збоку нават нябачныя… Так ня пойдзе, трэба вам прыгожанькай быць, жаніха багатага знайсьці… А вось яшчэ, вось самі паглядзіце ў люстэрка… Бачыце – на лобе ажно тры гарызантальныя складкі! Гэта жах! – і Чайкоўская кладзе дзяўчо на мэдычны ложак, дастае аднаразовы шпрыц і заганяе спачатку ў лоб, а потым у верхнюю губу прывабнай, нават пякучай дзяўчыне стандартныя кубікі ботэксу… І вось праз некалькі сэансаў дзяўчо можа ісьці па вуліцы і вам падасца, што вы зь ёю знаёмыя, але насамрэч усё тлумачыцца тым, што Чайкоўская, як і большасьць такіх касмэтолягаў, коляць твар аднолькавым чынам і надаюць усім аднолькавыя рысы, і рысы гэтыя называюцца моднымі.
Да прыкладу, дачцэ Чайкоўскай на дадзены момант васямнаццаць. Калоць ботэксам маці пачала яе зь сямнаццаці.
Чайкоўская нават здолела Марыну, цырульніцу-баптыстку, уламаць на тое, каб яна прайшла “тэрапэўтычны” ботэкс скулаў.
Чайкоўская – д’ябал сучаснасьці. Да яе на прыём, які каштуе адну чацьвёртую заробка прыбіральшчыцы, ходзяць самі прыбіральшчыцы! Бо Чайкоўская не супакойваецца нават у сталоўцы, куды завітвае папіць кампоту, бо яна не ўжывае нічога мясцовага, і, стоячы ў чарзе альбо седзячы за сталом, бярэ ў палон усіх, хто ў радыюсе яе выцягнутай рукі…
Што будзе з маладымі дзяўчатамі празь пяць год, уяўляць ня трэба, бо ў гатэлі працуе яскравы прыклад чатырохгадовай працы Чайкоўскай – твар афіцыянткі Лены, якая пачала калоцца ў дваццаць год.
Лена трапілася на вочы Чайкоўскай праз сваю прастую і праз гэта каштоўную прыгажосьць і танюткасьць. Лена празь дзень бегае ў сваім спальным двары, праз два наведвае салярый, сама яна цёмнавалося, але носік яе спрэс у рабацінках і гэта неверагодна прыгожа, грудзі ў яе пргукія, і, калі яна не ў працоўным строі, то ёсьць магчымасьць ацаніць загарэлую скуру грудзей яшчэ глыбей… Попа падцягнутая, рост мэтар восемдзесят, жыве Лена з хлопцам, зь якім пачала сустракацца яшчэ ў дзясятай клясе, марыць пабрацца зь ім і быць для яго самай прыгожай і адзінай на сьвеце. І ў Лены ёсьць адзіны вялікі мінус – яна даверлівая і вельмі загонная па сваёй зьнешнасьці.