Першыя месяцы Лідзія толькі вочкамі хлопала, чакала дня, калі падпіша кантракт і ў яе зьявяцца пэўныя гарантыі застацца на працы. І такі дзень настаў. Сваю дамову падраду яна выкінула ў сьметніцу і дома ў тэчку з дакумантамі схавала кантракт на год: цяпер яе проста так не выганяць.
І на наступны дзень усё зьмянілася. Адзін з працаўнікоў бару прыйшоў першым у сталоўку, папрасіў сабе порцыю і яшчэ тры з сабою… – Я тут вам што, абавязаная навальваць ежу з сабою, калі ў мяне чарга?! – абурылася Лідзія голасам далёкім ад прыгажосьці яе вачэй.
– Тут няма чаргі, і я бяру для сваіх, хто ня можа падысьці ў гэты час на абед!
– Бляха, як мяне вы ўсе дасталі! – і Лідзія ляпнула па рондалі з макаронамі раздатачнай лыжкаю, тая адляцела ўбок і раскідала колькі макарошак па іншых стравах. – Бляха!… – паўтарыла кухарка.
Празь некалькі тыдняў ужо ніхто нічога не казаў у сталоўцы, не было чуваць словаў падзякі і вітаньня, Лідзія зрабілася злоснай жанчынаю, якая не адпускала ежу з сабою, і калегі пачалі заўважаць, што кіслая капуста ў панядзелак, якую ніхто ня еў, бо тая на смак была як ссакі, на наступны дзень ператваралася ў такі ж нясмачны суп… На просьбу хутчэй пакласьці ежу, яна магла падняцца са стала, з-за якога цяпер не выходзіла і толькі ела, і сказаць: “Я таксама маю права на абед, вмежду прочым!”
Хамка, непрыемная жанчына, і бляск ейных вачэй цяпер не выглядаў прывабным, і нават мініяцюрнасьць цела здавалася гномскай, і маленькія пальчыкі цяпер выглядалі звычайнымі зваранымі сардэлькамі.
Адміністратары
Адміністратары
Адміністратар – гэта праца, альбо скажам так – працоўная адзінка, якую часта не заўважаюць у гатэлі. Так, адміністратар – твар прадпрыемства, гатэля, салёна і любога фітнэса, але ў той жа час, калі няма адміністратара, любы іншы супрацоўнік можа яго замяніць, бо адукацыі, каб адказаць на званок, мэйл альбо пагутарыць з замоўцам ці кліентам, ня трэба, тым болей прабіць чэк на касе. Замяніць бармэна цяжэй, замяніць хостэс-пэрсанал нашмат цяжэй, ніж адміністратара, таму на гэтую, так бы мовіць, пасаду прыходзяць дзяўчаты, якім трэба неяк заняць вольны час між лекцыямі і плянамі на будучыню. Я ня ведаю ніводнага адміністратара, які б мэтанакіравана ішоў працаваць адміністратарам, добра разумеючы, што гэта і дзеля чаго, акрамя, магчыма, Юліі Цімафееўны, якая ведала, што будзе мэнэджарам спа толькі пасьля таго, як адпрацуе адміністратарам добра і якасна колькі год.
Без адміна ўсе працуюць такім жа чынам, як і зь ім, гэта калі мы ня ўлічваем маладых спэцыялістаў.
Сярод адміністратараў сустракаюцца кардынальна розныя асобы, пачынаючы ад зусім дурных і недалёкіх, якія з нацяжкаю скончылі дзевяць клясаў і, ня ведаючы, што рабіць, чакаюць, калі іх хлопцы вернуцца з войскаў і яны будуць нарэшце сядзець дома і варыць баршчы, і заканчваючы таленавітымі дзяўчатамі, якія сьпяваюць у барах у вольны час, вучацца завочна на праграмістаў і мараць жыць у Парыжы. Гэты кантраст уражвае, і дзяўчаты, калі ты на адным месцы працуеш даволі доўга, вельмі хутка зьмяняюць адна адну перад тваімі вачыма.
Вось у гэтым годзе ўсё лета запар адпрацавала Кацярына, пякельная дзяўчына, нарадзіла прыгожую дачку, цяпер жадае зь верасьня вярнуцца ва ўнівэрсытэт. Муж у яе ня вельмі прыгожы, затое заможны, сама яна брунэтка, любіць успамінаць тыя часы, калі зь сяброўкамі хадзіла ў Журавінку, круціла хвастом і забаўлялася… Цяпер вось адміністратарам працуе і заўсёды трымае на працоўным месцы пітны ёгурт… ой, прабачце, гэта ж ня пітны ёгурт, гэта ж “Блэк лэйбл” зь яблычным сокам. Кацярына, вы хітрая ліса! “Ды ну вас, шаноўны, хадземце, і вам крыху “гарбаткі” з баначкі налью”.
А была іншая дзяўчына Ніна. Бацька ў яе зь Індыі, багаты вельмі, ня даў Ніне вучыцца, адразу сказаў, каб пайшла працаваць адміністратарам, бо ён для яе набыў цырульню – гэта падарунак на дваццаціаднагодзьдзе – і падорыць ёй праз паўгады, няхай набіраецца досьведу кіраваць пэрсаналам. Ніна была такая тупая, сур’ёзна, яна была зусім пустая… глядзела, калі ёй здавалася, што ніхто ня бачыць, “Дом 2”, перапісвалася са сваім хлопцам, які, дарэчы, нідзе не працуе, але месяц таму набыў новы джып… Аднойчы з нумару ў спа спусьціўся малады немец і пачаў ёй тлумачыць на ангельскай, з акцэнтам, што ў яго пад правым вокам, вось, бачыце – фінгал з талерку, і яму яго трэба нечым замазаць, можа ў каго з касмэтолягаў ёсьць танальны крэм? “Альбо ў вас, паважаная? Бо я толькі што прачнуўся пасьля п’янкі, нягожа так вось ісьці ў горад!” Ніна доўга на яго глядзела і сачыла за яго рукамі, як ён кранае вока і лоб… і запыталася: “Я не разумею, вы хочаце, каб касмэтоляг вышчыпаў вам бровы?”
Марынка была жваваю дзяўчынкай, на месцы не сядзела, гарэла, палала, кудысьці вечна бегла… Тэлефон у яе званіў суткі навылёт, яна пэрманэнтна перапісвалася з хлопцамі ў “кантакце” і “аднакласніках”, на “гэамэрыі” шукала свае фоткі, на працу часта спазьнялася альбо ўвогуле не прыходзіла, мела плянаў на будучыню – нуль, не вучылася, але марыла пра майбах і клёвага пацана. Зразумела, што Марынка ў гатэлі была яскраваю зоркаю і зьзяла роўна месяц. Але як! Зьзяла яна прыўкрасна: запарола ўезд тром кліентам, на спа няправільна запісала сямейную пару з Масквы на малочную ванну, тыя прыехалі – і аблом… Карацей, Марынка хутка зьнікла з далягляду і цяпер час ад часу трапляецца некаторым былым калегам у сацыяльных сэтках: вось яна на party in «Дозари», вось яна на afterparty зь нейкім чорным мужчынам на open-air near «Юность»…
Амаль шэсьць месяцаў на пасадзе адміністратара працавала Сьняжана, і трэба сказаць, што так доўга тут яшчэ ніхто не працаваў. Сьняжана была дзелавою дзяўчынаю, такой дзелавою, што яе дзелавітасьць занадта выпірала, і гэта я не пра грудзі, але пра ейны носік, які цікавіўся ўсім, што адбывалася вакол і ня толькі ў межах яе працы. Сьняжана жыла з мужчынам, які быў у паўтара разы старэйшы за яе і працаваў у кдб. Вядома, дзяўчына, якой стукнула дваццаць адзін і якая прыехала з Мядзеля вучыцца, сустрэўшы такога крутога мужыка, цьвярозым рашэньнем кінула вучобу й пайшла працаваць. Усё! Ахтунг усім – я дарослая! Сьняжана пачала паўтараць за сваім мужчынам узор паводзінаў і пралічылася. Мужчына яе зусім не цаніў, часта не прыяжджаў ночыць, некалькі разоў выганяў яе з дому… Тая, у сваю чаргу, на працы спрабавала адносіцца да сваіх калег так, як да яе ставіцца кэдэбэшнік – дамінаваць і прыніжаць… Але ня доўга. Неяк яна абразіла і паслала супрацоўніка толькі таму, што гутарыла са сваім мужыком па мабілцы, а той хацеў заняць яе месца перад кампом. Абразіла яго моцна і пры сьведках. На наступны дзень Міхаліна вырашыла яе звольніць, бо гэта была ўжо пятая скарга на некампэтэнтнасьць Сьняжаны. Тая не разгубілася і пайшла да Гнюсэля абражаць і выстаўляць дурнямі Міхаліну, Юлію Цімафееўну і ўвесь пэрсанал хостэсу разам з хостэс-кіраўніком Ігарам Раманавічам. Але Гнюсэль таксама ня просты чалавек, ён яе выслухаў і сказаў: “Я не разумею, ты толькі што заклала ўсіх сваіх калегаў, выставіла іх усіх ідыётамі і хочаш, каб я вярнуў цябе на працу? Ты звар’яцела, ці што?! Прэч адсюль!”
Гэты прамежкавы тэрмін, гэтая незразумелая пасада… Нават нягледзячы ні на што, большасьць з адміністратараў была вельмі пазытыўнай, шчырай і вясёлай. Шмат хто зь іх проста так руйнаваў расейскія словы, прамаўляючы іх на беларускі лад альбо ўвогуле замяняў. І гэта не выпадкова… Большасьць гатэльных працаўнікоў часта ўжывае беларускія словы, калі жартуюць альбо калі гутараць адно з адным, і гэта зьяўляецца яскравым прыкладам таго, што, калі беларус трапляе ў разнастайнае нацыянальнае асяродзьдзе, ён падсьвядома спрабуе адасобіць сябе ад астатніх, вылучыць сваю адметнасьць. Гэта цікава назіраць, бо такога я больш нідзе яшчэ ня бачыў.
Тры месяцы адміністратарам працавала цудоўная Мілена. Яна мела прыўкрасны голас і курчавыя валасы і на выходных заўсёды сьпявала ў якім менскім клюбе ці бары. Мілена ўся, ад каранёў валасоў да кончыкаў пальцаў, была францужанкаю: мяккія дотыкі, аксамітны голас, кашэчая хада. Ніколі не было чутна, што яна ідзе, ніколі не было чутна, як яна павярнулася альбо паварушыла рукою, – усё плаўна, мякка, танютка… І сьпявала яна, як анёл, і толькі джаз. Мілена руйнавала стэрэатып беларускай дзяўчыны для туркаў, яна была сама далікатнасьць, але недасяжная, як зорка Плутон. Ды й праца ёй не пасавала, усе пыталіся, навошта ты прыйшла сюды? Мілена адказвала, што жыцьцёвы шлях сам накіраваў яе сюды дзеля чагосьці, а чаго – яна ня ведае.
Больш за ўсіх астатніх адміністратараў вылучалася сваёй адместнасьцю, сваімі прыўкраснымі формамі, белымі валасамі і шырокімі блакітнымі валасамі Воля, якая зь першага ж погляду выклікала жаданьне, юр, смагу. Воля гэта ведала і ўдала карысталася гэтым, яе ўсьмешка, нават ненаўмысная, прыводзіла ў стан ступару любога… На вялікі жаль, бедная Воля ня ведала, куды прыйшла працаваць… Ня ведала, што трапіла ў гатэль, у якім па-над усім пануе мужчынскі дыктат. Аднойчы да яе прычапіўся нейкі албанец. Так да яе і гэтак, і пад’яжджае, і падыходзіць, і падпаўзае. А трэба дадаць, што Воля, як сапраўдная беларуска, славяначка, верная свайму каханаму… І ня тое што тэлефон албанцу не давала, нават слухаць да канца ня мела ніякага жаданьня, і толькі вачыма хлоп-хлоп! І бедны албанец на падлозе валяецца непрытомны – джаліць яго ў самае сэрца. Як гэта ні кепска будзе выяўляць албанца, але той сам сябе такім выставіў – крывадушнікам і людажэрам.