Светлый фон

Іншым разам я ішоў трактам да граніцы. Пясок заглушаў мас крокі. Раптам перад сабой пачуў шолах. Прысеў. Праз нару секунд абцёрліся аб мяне, справа і злева, полы шынялёў. Чырвонаармейцы абмінулі мяне, не падазраючы, што сяджу, укленчыўшы паміж імі. Пайшлі далей. Гэта мяне пазабавіла.

Некалькі разоў заходзіў вечарам у мястэчка. Круціўся непазнаны па вуліцах. Адведваў Маманта і ў маўчанні ніў з ім гарэлку. Даў яму шкатулку, у якой былі грошы Грабара (дастаў іх з нашага «банка»). Там было каля 10.000 даляраў і больш 6000 рублёў золатам. Мы зашылі шкатулку ў палатно. Я напісаў на пасылцы зверху адрас маткі Грабара і наказаў Маманту выслаць іх назаўтра каштоўнай пасылкай. Ён зрабіў гэта.

Неяк увечары зайшоў да Ёські Гусяра. З’еў з ім вячэру і выпіў пейсахоўкі. Размаўлялі пра розныя рэчы. У пэўны момант Гусяр сказаў:

— Навошта ты гэта робіш?

— Што?

— Не даеш хлапцам хадзіць за граніцу.

— Бо так мне падабаецца. Бо гэта галодныя фартоўцы.

— Я размаўляў пра гэта з нашымі… ну і з купцамі… Ты ведаеш, што? — казаў Гусяр, жвава махаючы рукамі. — Яны зрабілі б усё! Вырашылі б і з паліцыяй, і з Алінчукамі… Тыя забяруць паказанні… Яны на вуліцу баяцца выйсці!.. А ты можаш мільёны зарабіць… Ты можаш, калі захочаш, сабраць групу і вадзіць яе сам у суполцы з купцамі… на працэнтах… Ты ведаеш, што гэта такое?.. Ты так ведаеш граніцу і розныя дарогі… Кожная група пойдзе надзейна, і на кожнай групе (у два бакі) заробіш сама менш 2000 даляраў… Ты ведаеш колькі гэта будзе за год?..

— Добра, — перапыніў яго. — Але навошта гэта мне?

— Што «навошта»?

— Ну, тысячы даляраў.

— Навошта тысячы?! — вымавіў здзіўлены жыд, рухаючы ў паветры пальцамі. — Гэта ўсе любяць.

— А я тога не люблю і не варта пра тое размаўляць.

Хутка развітаўся з Гусяром. Яго практычны розум не мог мяне зразумець. Напэўна, лічыць мяне вар’ятам, а я яго…

Кожную ноч ішоў рабіць засады на Бэрку Стонагу. Адыходзіў на 10 кіламетраў ад Ракава, у напрамку Волмы і пільнаваў на адной з шасці дарог, па якіх ён прабіраўся. У мяне няма інфарматара, які даваў бы звесткі пра яго, таму лавіў Бэрку ўсляпую… абы стрымаць дадзенае Шчуру слова.

Нарэшце пашанцавала мне яго злавіць. У поўнач неба ачысцілася ад хмар і паказаўся месяц у поўні. Сядзеў у засадзе тут жа за трактам, які вёў з Волмы да Ракава. Размясціўся на ўскрайКу дубовага бору. Ён быў цудоўны. Дубы стаялі высокія, стромкія. Кроны пачыналіся высока над зямлёй.

Я быў адзін. Свяціла мне цыганскае сонца. Спяваў вецер. Шумеў бор. Каля трэцяй гадзіны пад раніцу заўважыў шэрую постаць, якая пераразала поле ў маім напрамку. Я лепей схаваўся. Чалавек, а бачыў яго зараз выразна, ішоў, спяшаючыся, полем ў напрамку лесу… Гэта быў селянін у лапцях і світцы. Ён нёс на плячах мяшок… Спыніўся на рагу лесу, азірнуўся ва ўсе бакі, нару разоў кашлянуў і пайшоў далей. Абмінуў мяне. Праз хвіліну я заўважыў жанчыну, якая крочыла па полі ад тракту, апранутая ў кажух, і мела вялікую ваўняную хустку на галаве і плячах. Была босая. Мела высока падаткнутую спадніцу. Ішла досыць хутка і ўсё азіралася па баках. Пад пахай несла нейкі пакунак. Прапусціў і яе далей. Прайшла, аціраючыся кажухом аб кусты, за якімі я схаваўся. Усцяж глядзеў у бок граніцы. Праз нейкі час заўважыў трэцюю постаць, якая крочыла нізам да лесу. Гэта быў мужчына ў чорнай куртцы і доўгіх ботах. Маё сэрца забілася мацней. Радасць распірала грудзі. «Тыя ішлі „на зман“, а гэты пэўна Станогі».