Светлый фон

Пра новы тып героя, які зноў і зноў з’яўляецца ў самых разнастайных індывідуальных вобразах, якому аддаваў перавагу пісьменнік, яшчэ нашмат раней пісаў адзін разумны аналітык: ён (пісьменнік) – канцэпцыя "інтэлектуальнай і юнацкай мужчынскасці", якая "ў ганарлівым сораме сашчамляе зубы і спакойна стаіць перад вамі, у той час калі мячы і дзіды працінаюць цела". Гэта гучала прыгожа, дасціпна і дакладна, нягледзячы на нейкае занадта пасіўнае вызначэнне. Бо паводзіны ў лёсе, прываблівасць у пакутах азначаюць не толькі трыванне; гэта – актыўны вынік, пазітыўны трыумф, а вобраз Себасцьяна – гэта самы прыгожы сімвал, магчыма, калі не ўсяго мастацтва ўвогуле, то, вядома, мастацтва, пра якое ідзе гаворка. Калі зазірнуць у сярэдзіну гэтага свету, пра які распавядаецца, то можна ўбачыць элегантнае самавалоданне, якое да апошняй хвілі хавае ў сабе ад вачэй свету ўнутраную спустошанасць, біялагічны распад; жоўтую, пачуццёва занядбаную гідлівасць, здольную раздзьмуць свой набрынялы жар у сапраўднае полымя, нават узняцца да панавання ў царстве прыгажосці; бледную немач, якая чэрпае сілу з полымных глыбінь духу, каб кінуць увесь задзірысты народ да падножжа крыжа, да сваіх ног; зычлівыя паводзіны ў пустой, але строгай службе на карысць формы; фальшывае, небяспечнае жыццё, хутка раздражняльнае тужлівае жаданне і мастацтва прыроджанага ашуканца – разглядаючы ўвесь гэты лёс і шмат якія падобныя, можна было ўсумніцца, а ці ёсць які інакшы гераізм, акрамя гераізму слабасці. Але якое геройства, ва ўсякім разе, больш адпавядала б часу, чым гэта? Густаў Ашэнбах быў песняром усіх тых, хто працуе ўжо амаль у поўнай знямозе; перагружаных, даведзеных ужо да адчаю, якія яшчэ трымаюцца на нагах; усіх гэтых маралістаў дзеяння, якія, невысокія ростам і абмежаваныя ў сродках, дзякуючы напружанню волі і разумнаму кіраванню, ва ўсякім выпадку, на кароткі час дамагаюцца велічы. Іх шмат, яны героі эпохі. І яны ўсе пазналі сябе ў яго творах, яны ўбачылі пацверджанне саміх сябе: ён іх там прыўзняў і апеў; яны былі ўдзячнымі яму, яны зрабілі яму імя.

Ён быў малады і нявыхаваны, як і яго час, які даваў яму кепскія парады; ён публічна спатыкаўся, хібіў, кампраметаваў сябе, словам і справаю парушаў правілы такту і разважнасці. Але ён выхаваў у сабе пачуццё годнасці, натуральная цяга да якой і пэўны сверб, як ён сцвярджаў, уласцівыя ад нараджэння кожнаму вялікаму таленту – нават можна сказаць, што ўсё яго станаўленне было неадступным уздымам да заваявання павагі, які пераадольваў усе перашкоды сумнення і іроніі.