Неба было шэрае, вецер – вільготны; порт і астравы засталіся ззаду, і з поля зроку хутка знікла ўся суша. Шматкі вугальнага пылу падалі, набрынялыя вільгаццю, на вымытую палубу, якая не паспявала высахнуць. Ужо праз гадзіну нацягнулі дах з парусіны, бо пайшоў дождж.
Захутаўшыся ў паліто, з кніжкай на каленях, вандроўнік адпачываў, і гадзіны міналі для яго незаўважна. Дождж сціх, часовы дах прыбралі. Далягляд быў чысты. Пад шырокім скляпеннем неба распасціралася вялізная гладзь пустэльнага мора; але ў пустой, непадзеленай прасторы нашым пачуццям не хапае меры часу, і мы цалкам забываемся ў невымерным. Фігуры, падобныя да ценяў, стары блазен, казліная барада з сярэдзіны карабля затуманілі няпэўнымі грымасамі, заблытанымі, летуценнымі словамі свядомасць Ашэнбаха на лежаку, і ён заснуў.
Апоўдні яго запрасілі ўніз спажыць замоўленую ежу ў сталоўцы, доўгай, як калідор, у якую выходзілі дзверы спальных кают; ён трапіў у галаву доўгага стала, на другім канцы, якога пачынаючы з дзесяці гадзін, балявалі прыказчыкі разам з бадзёрым капітанам, і ў тым ліку, вядома, стары блазен. Ежа была сціплаю, і ён з ёй неўзабаве справіўся. Яго пацягнула на свежае паветра, ён хацеў зірнуць на неба: ці не пасвятлела яно над Венецыяй.
Ашэнбах быў упэўнены, што так і будзе, бо раней заўсёды горад сустракаў яго сваім ззяннем. Але неба і мора заставаліся змрочнымі, алавянага колеру; час ад часу імжыў дождж, змяшаны з імглою, і ён змірыўся з тым, што водны шлях прывядзе яго ў іншую Венецыю, чым тая, якую ён калісьці бачыў, набліжаючыся да яе па сушы. Ён стаяў каля фок-мачты, узіраючыся ўдалеч у чаканні зямлі. Ён прыгадаў тужліва-натхнёнага паэта, перад якім калісьці з гэтых водаў узышлі вежы і званіцы яго мрояў; Ашэнбах паўтарыў сам сабе тое-сёе з таго, што – пачцівасць, шчасце і жалоба – у той час ператваралася ў прыязны спеў, і пад нязмушаным уздзеяннем адчування, якое набыло ўжо дакладную форму, ён учыніў праверку свайму сур’ёзнаму і зморанаму сэрцу наконт таго, ці ёсць яшчэ магчымасць у неспакойнага вандроўніка спадзявацца на новае захапленне і памылкі, на познія прыгоды пачуцця.
І тут з правага боку паказалася роўнае ўзбярэжжа; лодкі рыбакоў ажывілі мора; з’явіўся востраў-курорт; параход пакінуў яго з левага боку, запаволіў хаду і паплыў цераз цесны порт, які атрымаў назву паводле вострава; у лагуне на тле страката беднага жытла ён спыніўся зусім; тут трэба было чакаць шлюпку санітарнай службы.
Прайшла гадзіна, пакуль яна з’явілася. Як быццам прыехалі і як быццам – не; хоць спяшацца не было куды, але ўсё ж муляла нецярпенне. Маладыя пасажыры з Полы, мажліва, патрыятычна натхнёныя вайсковымі сігналамі ражкоў, што даляталі па вадзе з мясцовасці публічных садоў адпачынку, выйшлі на палубу і пад уздзеяннем віна "Асці" абвясцілі славу берсальерам[73] на пляцы для практыкаванняў. Але пры гэтым агідна было бачыць, у які стан прывяла напышлівага старога яго штучны хаўрус з моладдзю. Ягоныя старыя мазгі пасля выпітага віна не змаглі ўтрымацца ў тым належным стане, як у моладзі: ён быў зусім п’яны. З асалавелым позіркам, цыгарэтаю паміж дрыготкіх пальцаў ён, з цяжкасцю ўтрымліваючы раўнавагу на месцы, толькі хмельна хістаўся сюды-туды. Пры першым жа кроку ён паваліўся бы, таму ён не наважваўся скрануцца з месца; пры гэтым стары выяўляў жудасную непрыстойнасць, хапаў кожнага, хто набліжаўся, за гузік, мармытаў, падміргваў, хіхікаў, уздымаў свой зморшчаны ўказальны палец з пярсцёнкам, неразумна дражніў і агідным двухсэнсоўным чынам аблізваў сабе канцом языка куточкі рота. Ашэнбах глядзеў на яго, нахмарыўшы бровы, і зноў яго апанавала пачуццё разгубленасці, быццам свет выяўляе лёгкую, нястрымную схільнасць вырадзіцца ў штосьці дзіўнае і карыкатурнае; што праўда, задумацца над гэтым яму перашкодзілі абставіны: зноў пачалася напружаная праца машыны, і карабель узнавіў цераз канал Сан-Марка свой рух, што быў перапынены зусім недалёка ад мэты.