Жывая, духоўна нязначная даступнасць апісання выклікае захапленне бюргерскіх мас, але жарсная, не звязаная ўмоўнасцямі моладзь захапляецца толькі праблематычнасцю; Ашэнбах жа быў праблематычным, не быў звязаны ўмоўнасцямі, як любы юнак. Ён быў адданы толькі духу, займаўся драпежніцтвам, малоў зерне, пакінутае на сяўбу, выдаваў сакрэты, з падазронасцю ставіўся да таленту, здраджваў мастацтву – нават у той час, калі яго творы падтрымлівалі, узвялічвалі, ажыўлялі яго сапраўдных прыхільнікаў, ён, малады мастак, сваімі цынічнымі выказваннямі пра сумнеўную сутнасць мастацтва, самога занятку мастацтвам агаломшваў так, што дваццацігадовым займала дых.
Але, здаецца, шляхетны і рупны дух ні аб што не затупляецца хутчэй і грунтоўней, як аб вострую і горкую прывабнасць пазнання; і, безумоўна, цяжкадумна-сумленная грунтоўнасць юнака выяўляе сваю павярхоўнасць у параўнанні з глыбокім рашэннем сталага мужчыны-майстра адмаўляць веды, не прызнаваць іх, глядзець паўзверх іх з узнятаю галавою, калі гэтыя веды хоць бы ў самай малой ступені здольныя паралізаваць волю, дзеянне, пачуццё, расслабляць, пазбаўляць гонару. Як жа іначай можна было інтэрпрэтаваць славутае апавяданне пра "Галетнік", як не выбух агіды ў дачыненні да непрыстойнага псіхалагізму часу, увасобленага ў вобразе таго лагоднага і дурнаватага нягодніка, які хітрасцю фарміруе сабе лёс, заганяючы сваю жонку з бяссілля, заганнасці, этычнай няпэўнасці ў абдымкі бязвусага маладзёна і верыць, што праз гэтую ганебнасць мае права на непрыстойнасці? Важкасць слова, з якой адкідаецца адкінутае, абвясціла пра адмову ад любога маральна сумнеўнага сэнсу, ад усялякай сімпатыі да бездані, нязгода з беспрынцыповасцю прынцыпу спачування, што азначала б усё разумець і ўсё дараваць, а тое, што тут рыхтавалася, нават ужо адбылося, – той "цуд адроджанай нязмушанасці", пра які крыху пазней выразна і не без таемнага націску зайшла размова ў адным з дыялогаў аўтара. Дзіўныя ўзаемасувязі! Ці то быў духоўны вынік гэтага "адраджэння", гэтага новага гонару і суровасці, што ў той самы час можна было назіраць надзвычайнае ўзмацненне пачуцця прыгожага, тую шляхетную чысціню, прастату і раўнамернасць формабудовы, якая потым пачала надаваць яго творам выразную, нават жаданую прыкмету ўмеласці і класічнасці? Але маральная рашучасць па той бок ведаў, па той бок пазнання, якое ратуе і перашкаджае – ці не азначала яна зноў-такі спрашчэння, маральнай абмежаванасці свету і душы, а такім чынам, умацавання зла, недазволенага, маральна недапушчальнага? А ў формы ці не дваякае аблічча? Ці не з’яўляецца яна маральнаю і немаральнаю адначасова: маральнай як вынік і выява дысцыпліны, а немаральнай, і нават амаральнай – калі яна ад прыроды нясе ў сабе маральную абыякавасць, ды яшчэ імкнецца падбіць маральнае пад свой горды і неабмежаваны скіпетр?