Светлый фон

Як бы там ні было! Развіццё – гэта лёс; і як яно магло б адбывацца інакш, калі яно суправаджаецца спагадаю, усеагульным даверам шырокай грамадскасці, у адрозненне ад таго, якое ажыццяўляецца без бляску і непазбежнасці славы? Толькі непахісная багема лічыць гэта сумным і выяўляе схільнасць пакпіць, калі вялікі талент вырастае з неўтаймоўнага стану кокана, прызвычайваецца выразна спасцігаць годнасць духу і прымае шляхетныя норавы адзіноцтва і барацьбы, напоўненыя жорстка самотнымі пакутамі, без мажлівасці параіцца, што прывяло ўрэшце да ўладнай годнасці ў вачах людзей. Колькі гульні, упартасці, задавальнення месціцца, між іншым, у самастанаўленні таленту! Штосьці афіцыйна выхаваўчае з’явілася з часам у выступах Густава Ашэнбаха; яго стыль у наступныя гады мог ужо абыходзіцца без непасрэдных грубасцей, субтыльных і новых адценняў, ён перайшоў да ўзорна-стабільнага, адшліфавана-традыцыйнага, захаванага, фармальнага, нават формулападобнага, і як сцвярджае паданне пра Людовіка XIV: з набліжэннем старасці гэты чалавек выдаляў са свайго лексікону любое пошлае слова. І вось ведамства народнай асветы ўключыла выбраныя старонкі з твораў Ашэнбаха ў афіцыйныя чытанкі для школьнікаў. Для яго гэта было адпаведным ягонаму ўнутранаму адчуванню, і ён не пратэставаў, калі адзін нямецкі герцаг, толькі ўзышоўшы на трон, надаў аўтару "Фрыдрыха" да яго пяцідзесяцігоддзя асабістае дваранства.

Пасля некалькіх неспакойных гадоў, некалькіх спроб спыніцца то тут, то там ён рана выбраў Мюнхен для сталага месца жыхарства і жыў там як ганаровы грамадзянін, што на долю інтэлектуала выпадае толькі ў асобных выпадках. Шлюб, які ён узяў зусім маладым з дзяўчынаю з адукаванай сям’і, пасля нядоўгага шчасця страціў сілу з прычыны жончынай смерці. У яго засталася дачка, якая цяпер ужо замужам. Сына ў яго не было.

Густаў фон Ашэнбах меў рост ніжэйшы за сярэдні, ён быў брунет, галіўся. Ягоная галава здавалася крыху завялікай адносна квалаватай постаці. Зачасаныя назад валасы, з праплешынай на віхры, вельмі моцна пасівелыя на скронях, аблямоўвалі высокі, спаласаваны зморшчынамі і адначасова рубцаваты лоб. Дужка залатых акуляраў без аправы ўразалася ў пераноссе; сам жа нос быў тоўсты і шляхетна выгнуты. Рот быў вялікі, то нейкі вялы, то раптам выцягнуты ў даўжыню і напружаны; шчокі – хударлявыя, у зморшчынах; добра скроенае падбароддзе было мякка раздвоена. Здавалася, што гэтая звычайна пакутна схіленая набок галава нямала зведала зменлівасці лёсу, і ўсё-такі мастацтва адыграла галоўную ролю ў яго фізіягнамічным фарміраванні, што звычайна адбываецца пад уплывам цяжкога, неспакойнага жыцця. За гэтым ілбом нарадзіліся бліскучыя рэплікі размовы паміж Вальтэрам і каралём пра вайну; гэтыя вочы, якія зморана і з глыбокім пачуццём пазіраюць праз шкельцы, пабачылі крывавыя жахі лазарэтаў Сямігадовай вайны. І нават у асабістым плане мастацтва – гэта ўзвышанае жыццё. Яно ашчасліўлівае глыбей і раз’ядае душу хутчэй. Яно пакідае на твары свайго слугі сляды ўяўных і духоўных прыгод, і яно надоўга стварае, нават у кляштарнай цішыні знешняга існавання, распешчанасць, залішнюю вытанчанасць, змору і цікаўнасць нерваў, чаго не можа спарадзіць нават жыццё, напоўненае распустаю, жарсцямі і задавальненнямі.