Светлый фон

"Паслухай! – прыглушана і амаль механічна сказаў самотнік. – У Венецыі праводзіцца дэзынфекцыя. Чаму?" – Блазен хрыплым голасам адказаў: "Праз паліцыю! Гэта прадпісанне, шаноўны, пры такой спёцы ды сірока. Сірока гняце. Для здароўя – невыносна…" Ён гаварыў, нібы дзівячыся з таго, што могуць з’яўляцца такія пытанні, і адкрытаю даланёю дэманстраваў, як моцна яго прыгнятаў сірока. "Ды што – у Венецыі няма ніякай бяды?" вельмі ціха спытаў Ашэнбах, прамаўляючы скрозь зубы. Мускулістыя рысы твару куплетыста ператварыліся ў смешную грымасу бездапаможнасці. "Бяды? Ды што за бяда такая? Няўжо сірока – бяда? А можа, наша паліцыя – бяда? Ну, вы – жартаўнік! Бяда! Адкуль! Прафілактычнае мерапрыемства, зразумейце ж Вы! Паліцэйскае прадпісанне супраць прыгнятаючага дзеяння надвор’я…" Ён падцвердзіў свае словы жэстыкуляцыяй. "Ну, добра" – зноў коратка і ціха прамовіў Ашэнбах і апусціў занадта дарагую дзеля такога выпадку манету ў капялюш. Потым ён вачыма падаў чалавеку знак, каб той ішоў. Куплетыст з крывою ўсмешкаю і кланяючыся, падпарадкаваўся; але ён яшчэ не паспеў нават дайсці да сходаў, як два супрацоўнікі гатэля накінуліся на яго і, наблізіўшы да яго свае твары, шэптам учынілі яму допыт; ён паціскаў плячыма, ён запэўніваў, пераконваў, што нічога не выдаў – гэта было відаць. Калі яго адпусцілі, ён вярнуўся ў сад, і, коратка перамовіўшыся пад дугавою лямпай са сваімі, зноў выйшаў наперад, каб яшчэ раз праспяваць сваю песню ўдзячнасці і развітання.

Гэта была песня, пра якую самотны Ашэнбах не мог прыпомніць, каб чуў яе раней; грубы шлягер на незразумелым дыялекце з прыладжаным смехавым рэфрэнам, які ўся каманда рэгулярна падхоплівала на ўсё горла. Тут не былі чутны ані словы, ані інструментальнае суправаджэнне, не заставалася нічога, акрамя рытмічна сяк-так упарадкаванага, але вельмі натуральна выкананага смеху, вельмі таленавіта ператворанага салістам у саму падманную рэальнасць. У нанова ўсталяванай мастацкай дыстанцыі паміж сабою і публікай ён зноў вярнуў усю сваю нахабнасць, а яго штучны смех, бессаромна скіраваны ўверх да тэрасы, быў цяпер здзеклівым рогатам. Ужо пад самы канец артыкуляванай часткі страфы здалося, што ён змагаецца з непераадольнаю козыткай. Ён усхліпваў, яго голас дрыжаў, ён прыціскаў даланю да рота, ён курчыўся, і ў пэўны момант з яго вырываўся, галасіў і лопаўся нястрымны смех – гэтак праўдзіва, што ён дзейнічаў заразна і перакідваўся на слухачоў, што нават на тэрасе запанавала беспрычынная, спантанічная весялосць. Але гэта, здавалася, яшчэ больш спрыяла разбэшчанасці спевака. Ён прыгнуў калені, заляпаў сябе па сцёгнах, схапіўся за бакі; ён хацеў вытрасці сябе ўсяго, ён ужо не смяяўся, ён крычаў; ён паказваў пальцам угору, быццам нічога не было больш смешнага, чым публіка, якая смяялася там наверсе; і нарэшце зарагаталі ўсе ў садзе і на верандзе, у тым ліку афіцыянты, ліфцёры і ўвесь дапаможны персанал, што стаяў каля дзвярэй.