Тым часам гітарыст пад уласны акампанемент пачаў спяваць нейкія папулярныя ва ўсёй Італіі бясконцыя прыпеўкі; да іх канцовак падключалася ўся кампанія, падпяваючы ды падыгрываючы на ўсіх наяўных інструментах, а ён вельмі пластычна і драматычна дырыжыраваў імі. Сам ён, даволі хударлявы і з такім жа ўсохлым тварам, стаяў на жвіры, адасоблены ад астатніх, з пакамечаным капелюшом на патыліцы, з-пад краёў якога выбівалася пасма рудых валасоў; у паставе нахабнай адвагі і пад гукі струн пранізлівым рэчытатывам прамаўляў свае куплеты ў бок тэрасы; ад напругі пры выкананні ў яго на лбе набухалі жылы. Ён не быў падобны да венецыянца, а больш выглядаў на неапалітанскага коміка, кшталту сутэнёра ці блазна, грубага і распуснага, небяспечнага і забаўляльнага. Яго спевы, проста пошлыя паводле зместу, у яго выкананні, дзякуючы міміцы твару, рухам цела, манеры падміргваць з намёкам і непрыстойна гуляць языком у роце, набывалі штосьці двухсэнсоўнае, заўважна разбэшчанае. Па-над мяккім каўняром спартыўнай кашулі, якая была на ім у спалучэнні са звычайнаю будзённаю вопраткай, вытыркалася хударлявая шыя з заўважна вялікім, быццам аголеным, кадыком. Яго бледны кірпаносы твар, па якім – безраслінным – цяжка было вызначыць яго ўзрост, здавалася, увесь час набываў звыродлівыя рысы ад грымасаў і заганных нахільнасцяў, а да звыродлівасці рухавых вуснаў вельмі пасавалі дзве зморшчыны, якія ўпарта, уладна, амаль дзіка ўладкаваліся паміж яго рудаватымі бровамі. Але што прыцягнула самую пільную ўвагу самотнага Ашэнбаха да гэтага чалавека, дык гэта тое, што гэты падазроны тыпус, здавалася, ўсюды цягаў за сабою і сваю ўласную падазроную атмасферу, Кожны раз, калі зноў пачынаў гучаць рэфрэн, спявак, строячы грымасы і прывітальна памахваючы рукою, рабіў гратэскную кругавую праходку, якая набліжала яго непасрэдна да Ашэнбаха, і кожны раз, калі гэта адбывалася, ад яго адзення, ад яго цела зыходзіў, дасягаючы тэрасы, жахлівы смурод карболкі.
Скончыўшы спяваць свае прыпеўкі, ён узяўся збіраць грошы. Ён пачаў з рускіх, якія, як было відаць, ахвотна ўзнагародзілі яго, а потым падняўся прыступкамі наверх. Наколькі нахабна ён паводзіў сябе пры выкананні свайго нумара, настолькі пакорліва ён паводзіў сябе тут, наверсе. Лісліва, як шкадлівы кот, расшаркваючыся, ён паволі рухаўся паміж сталамі, і крывая ўсмешка падступнай пакоры агаляла яго моцныя зубы, у той час як паміж рудымі бровамі анізвання не знікалі тыя дзве пагрозлівыя зморшчыны. Публіка ўзіралася ў гэтую чужародную істоту, якая збірала грошы сабе на ўтрыманне, з цікаўнасцю і прыхаванаю агідаю: манеты бралі, каб кінуць у ягоны капялюш, двума пальчыкамі, ды асцерагаліся, каб не дакрануцца да яго. Захаванне фізічнай дыстанцыі паміж камедыянтам і прыстойнымі людзьмі выклікае, якое б вялікае задавальненне яны ні атрымалі, заўсёды пэўную засаромленасць. Ён яе адчуваў і імкнуўся выбачыцца сваёй ліслівасцю. Ён наблізіўся да Ашэнбаха, а з ім – і яго смурод, якім, здавалася, ніхто вакол асабліва не ўразіўся.