Мандаліна, гітара, гармонік і спеўная скрыпка добра падпарадкоўваліся спрытным рукам бадзяг-віртуозаў. Інструментальныя нумары змяняліся песнямі, калі маладзейшая жанчына рэзкім і падобным да крахтання голасам далучалася, утвараючы любоўны дуэт, да саладжава фальцэтнага тэнара. Але сапраўдным талентам і кіраўніком гэтай суполкі несумненна выявіў сябе мужчына, гітарыст, а паводле характару выканання – свайго кшалту барытон-буф, амаль безгалосы, але здольны мім і надзелены адмысловаю энергіяй комік. Не аднойчы ён адрываўся, са сваім вялікім інструментам у руках, ад астатняй групы і артыстычна выскокваў перад рампаю, дзе ягоныя выбрыкі ўзнагароджваліся падбадзёрвальным смехам. Асабліва рускія са сваіх месцаў унізе захапляліся яго рухавасцю і падбадзёрвалі яго воплескамі ды ўхвальнымі воклічамі штукарыць яшчэ больш задзірыста і ўпэўнена.
Ашэнбах сядзеў каля балюстрады і часам асвяжаў сабе вусны мяшаным гранатава-яблычным сокам з содаю, які рубінава-чырвоным колерам іскрыўся перад ім у шклянцы. Яго нервы прагна ўбіралі ў сябе адрывістыя гукі, вульгарныя і млявыя мелодыі, бо палкае жаданне паралізуе здольнасць выбіраць пачуццё і з усёю сур’ёзнасцю прымае раздражняльнікі, якія адносяцца да цвярозасці з гумарам ці незадаволена адкідаюць яе. Яго рысы ад скокаў блазна скамянелі і ўжо скрывіліся ў пакутнай усмешцы. Ён сядзеў бяздзейна, у той час як у ягонай душы панавала напружаная насцярожанасць, бо на адлегласці шасці крокаў ад яго, абапёршыся на каменны парапет, стаяў Тадзя.
Ён стаяў там у белым касцюме з паяском, які ён часам апранаў на абед, у неад’емнай і з маленства набытай грацыёзнай паставе – паклаўшы правую руку на парапет, скрыжаваўшы ногі, правую руку ўпёршы ў сцягно – і пазіраў зверху ўніз на вулічных спевакоў з ледзь прыкметнаю ўсмешкай, больш – з аддаленаю цікаўнасцю, каб паказаць, што ён проста звярнуў на іх увагу. Час ад часу ён выпростваўся і, напружыўшы грудзі, прыгожым рухам абедзвюх рук падцягваў уніз пад скураным паяском белы пінжак. Але часам і Ашэнбах, чалавек, які няўхільна старэў, з радасцю, з завіхрэннем у мазгах і нават з жахам заўважаў гэта – ён нерашуча і асцярожліва або хутка і нечакана, як ад нападу, паварочваў галаву цераз левае плячо туды, дзе сядзеў яго кумір. Ён не сустракаўся з яго вачыма, бо ганебная асцярожнасць прымушала яго, заблытанага, баязліва цугляць свае позіркі. У глыбіні тэрасы сядзелі жанчыны, якія прыглядвалі за Тадзем, і так атрымалася, што закаханы павінны быў асцерагацца прыцягнуць да сябе іх увагу і быць западозраным у нядобрым. Гэтак, ён, амаль змярцвелы, не аднойчы ўжо заўважаў на пляжы, у гатэльнай зале і на плошчы, што Тадзю адклікалі з намерам трымаць таго на аддаленні ад яго, калі ён трапляў занадта блізка; гэта нараджала ў ім жудасную крыўду, а яго гонар перацякаў у няведамыя раней пакуты, дэманстраваць якія яму не дазваляла сумленне.