Хораша.. Яўген удыхнуў на ўсе лёгкія паветра. Якая прыгажосць... Гэтыя паркі... Яўген любіў ix... Па-над ракой... Цяпер ён асабліва востра адчуваў гэтую красу...
„Пан Божа...” „Адкупіцель мой, вылечы ласкай Духа Святога раны i слабасць маёй душы, даруй мне мае грахі, умацуй мяне ў цярпеннях маіх, адвядзі ix ад мяне...” Яўген задумаўся: „... калі ёсць на гэта Твая воля”.
„Пане Божа, аддаючыся цалкам Тваёй святой волі, прашу цябе...”
„... i малітва веры вылечыць хворага...”
Цяпер Яўген пайшоў бы да святыні... Але ў яго вялікім горадзе не было ніводнага касцёла...
... На працы Яўгена сустрэлі падкрэслена радасна, падазрона ўзрадавана. Ці то шкадавалі яго — яшчэ ж малады. Ці то ўвогуле не спадзяваліся яго больш пабачыць жывым. Можа, хто ўпотай i злацешыўся - перамога на конкурсе не аднаго зайздросніка яму набыла...
... Для сябе ж Яўген вырашыў — i з хваробамі людзі жывуць. Не рэкамендавана. Не пажадана. Лепш устрымацца. Пакіньце надзею назаўсёды... Гэты ўмоўны, але доўгі спіс перасцярог здаваўся яму напачатку прыніжальным, потым ён спакойна перавёў спіс непажаданага ў спіс непатрэбнага, нецікавага, i яму адразу стала спакайней, калі не лягчэй. Ну, што ж...
Ён акуратна трымаўся ўсіх наказаў i прадпісанняў. Урэшце — не вельмі навукова ўталентаваная Лідзія Пятроўна нешта ж кеміла ў практыцы: думаў Яўген... Праз пэўны час Яўгену палягчэла. Былі моманты, калі Яўген пачынаў думаць: „Усё. Przeminąło z wiatrem”. Ён здаровы.
Яўген накінуўся на кнігі. Апантана купляў білеты: у філармонію, у драмтэатры. Хадзіў на балеты i оперы. Нават пару разоў трапіў у аперэту, хаця цалкам гэтае дзейства не вельмі любіў: з імпэтам успрымаў толькі фрагменты — якія-небудзь нумары каскадных пар.
З’ездзіў дадому — маці была ўсцешаная.
... У траўні ўсё пачалося зноў. Ён ліхаманкава кінуўся ў бібліятэкі. Высветліў — усё, што ён прымаў паводле рэкамендацый шаноўнай доктаркі яго — чыста сімптаматычнае. Здымае толькі сімптомы, знакі хваробы, а не лечыць. Як гэта ён так спакойненька даў веры гэтай цётачцы. Бяздарнай. Амбіцыйнай.
Прысуд дактароў быў аднагалосны. Аперацыя. I тэрміновая. Яму адмовілі нават у медыцынскай даведцы ў пансіянат. Ехаць „дзікуном” ён цяпер засцерагаўся...
Але тут прыйшоў у паліклініку новы галоўурач — малады, рашучы, добразычлівы. Ён падпісаў Яўгену запаветную паперчыну. На сваю рызыку. Не з легкадумнасці. Ён зразумеў Яўгена. Пасля шпіталя, пасля ўсіх згрызот апошняга года тую аперацыю ён бы не вынес нават не толькі фізічна, але i псіхалагічна. Яму быў патрэбны адыход ад дактароў, ад хваробы. Можа, i ад самога сябе.