Светлый фон

...На працы Яўгену падкінулі пуцёўку ў пансіянат. У прыбалтыйскі гарадок, куды Яўген адноечы трапіў на экскурсію. Ён памятаў доўгі пясчаны бераг, дзюны, стрымана-халаднаватае мора. I ўжо ўяўляў сабе радасць раніцы, класічную драму заходу сонца, зоркі над гэтым морам i над гэтымі дзюнамі...

Хвароба адасобіла яго ад людзей. Ён цяпер імкнуўся найбольш быць на самоце.

A між тым распачалося будаўніцтва універсітэцкага гарадка. Аднак ён адназначна вырашыў — паедзе на будоўлю крыху пазней. A ў падсвядомасці сцішылася думка-перасцярога: калi дажыве. Гэтую калючую шэрую думку ён не тое каб гнаў, але выстаўляў ёй заслоны: з дробнага i нядробнага клопату, заняткаў сур’ёзных.

Сам па сабе акт адыходу ўяўляўся яму ў чорных i белых колерах жалобы. Белы-колер каралеускай жалобы? Здаецца, так. А потым — таямніца, якую смяротны чалавек, мабыць, ніколі не зможа спасцігнуць. „ — a światłość wiekuista niechaj im świeci”- „а святло вечнае няхай ім свеціць”. Гэтыя словы ён з дзяцінства памятаў. I хаця добра ведаў, што гэта: „святло вечнае няхай ім свеціць”, аднак слова „wiekuista”, яму здавалася, складвалася з нейкіх агніскаў, выпраменьвала святло, рабіла яго ззяючым, не сонечным i не месяцовым, a менавіта — незямным святлом, святлом сапраўдным — так, мабыць... Зноў жа — ці варты ён таго святла? Але Новы Запавет — закон любові. I нават боязь — гэта ўжо не боязь паганца або атэіста. „Таму ўсе, каго вядзе Дух Божы, ёсць сыны Божыя. Таму што вы не прынялі духу рабства, каб зноў жыць у страху, але прынялі Дух усынаўлення...”

Можа, нешта ад таго, незямнога, святла трызнілася Яўгену ў тым зямным балтыйскім гарадку. Ён памятаў — вада i мора выдавалі нечым адным — акварэльная, пастэльная пяшчота i халаднаватасць. Усё ж разам — неба, мора, пясок адсвечваліся промнямі сонца i выпраменьвалі святло самі.

Яўген прыехаў у гарадок на самым пачатку чэрвеня. І проста акунуўся ў водар будзённага свята вясны, што ўжо пераходзіла ў лета. Сустракалі яго цнатлівыя незабудкі, буяная квецень чаромхі, — яе ўсеахопны, настоены, насычаны, нават канцэнтраваны водар. Потым пачалося суцэльнае панаванне бэзу, a незадаўга да ад’езду быў чуцён вытанчаны пах шыпшыны i будуарна-выкшталцоны пах язмену.

Пансіянат быў нечым накшталт немудрагелістага, але ўтульнага, на старасвецкі лад гатэлю. Толькі жытло.

Усё астатняе заставалася клопатам насельнікаў.

Але нават для Яўгена з яго хваробай харчаванне праблемай не абярнулася. Спецыяльнае меню для дзяцей яго цалкам задавальняла. Калі ён хадзіў па гарадку-парку, дык яму здавалася — яго праект, з іншым, праўда, функцыянальным прызначэннем, у пэўным выглядзе існуе. Дамы сярод дрэў, усё побач, амаль ніякага транспарту: толькі службовы. Сады Акадэміі... Бо Горад Сонца яго не вабіў. Гэта ж пустыня... А сады Эдэма... Парадыз... Аазісы...