Узбярэжжа адразу ўпэўніла Яўгена — цяпер ён адпачываць будзе калі не на радзіме, то сярод гэтых дзюнаў, на гэтым пясчаным узбярэжжы. Нельга на поўдзень, то i не трэба. Тут не толькі не горш. Лепш. Радасці раніцы: свежасць ад лёгкага ветрыка з мора, вітанне няяркага сонца, якое непаспешліва абыходзіць катэджы з чырвонай цэглы, заглядвае ў вокны, не як назола, а як прыветны госць, які завітвае на хвіліну i выкіроўваецца далей — найбольш па вершалінах дрэў, кустоўя, да званіцы касцёла, да дрэваў i пяскоў узбярэжжа. Тут яно атайбоўваецца надоўга, i нават у полудзень не становіцца дакучнагарачым.
A раніца, якую яно абвясціла, доўжыцца доўга, пацвярджаючы сябе пахам свежай моцнай кавы — Яўген доўга ўдыхае гэты магнетычна-знаёмы водар i заказвае шклянку цёплага малака. Аднак гэта не перашкаджае яго настрою i ён існуе ў гэтай раніцы: купляе газеты, заходзіць у булачную-цукерню, у шырокія вокны якой ласкава глядзіць сонца, прыслухоўваецца да ранішняга поклічу званоў. Ідзе да касцёла. Спачатку ён проста заходзіў у святыню, доўга сядзеў, малітоўна думаў,. потым пачаў прыходзіць на Святую Імшу. Мовы, на якой правілі імшу, ён не ведаў. Але згадваў парадак імшы ў ix мястэчку: яго, прыбранага i прычасанага, брала з сабой на Імшу бабуля. У нядзелю. I засталося гэтае адчуванне ранішняй свежасці, урачыстасці, датычнасні да нечага высокага, светлага, да нечага, што нясе ў сабе вечны пачатак. Засталося яшчэ i адчуванне еднасці свежасці раніцы i яснай чысціні Святой Імшы... Раніца пачынаецца гэтай Сустрэчай. I Яўгену здавалася, што ён не тое каб вярнуўся ў дзяцінства, але вызнаў нешта важнае, роднаснае, запаветнае, спаткаўся з умацаванай духоўнай прасторай пачуццяў i відзежаў.
А тыя, што былі побач... Курортнікі... Што было агульнае ў Яўгена з імі — неаспрэчныя перавагі вольнага часу, зацікаўленасць гэтай мясцінай на мапе Еўропы i свету — ў межах прагматычнай, канкрэтнай зацікаўленасці. Большасць купляла i чытала мясцовыя экскурсійныя даведнікі: гістарычна-геаграфічна-культуровыя, аднак рэальна ўсіх найбольш хваляваў элементарны прагноз надвор’я на заўтра i бліжэйшыя дні.
Мабыць, натуральна. Курорт ёсць курорт, адпачынак — гэта адпачынак. I чалавек з нармальнымі сацыяльна-псіхалагічнымі паводзінамі так усё i ўяўляе.
Яўген адчуваў гэтае „ўсё” асабліва востра. Яму, нібыта прэзэнт, былі вернутыя радасці жыцця. Ён набраў процьму зёлкаў, адкінуўшы рэцэпты i аптэкарскія лекі. Што будзе, то будзе. Боль то адыходзіў, то вяртаўся наноў. Яўген адчуваў сябе валадаром таямніцы. Вось ідуць яму насустрач людзі i не разумеюць, які гэта высокі дар — жыццё. I здароўе. А ён разумее. Праўда, так лёгка i бяздумна, як яны, ён ужо ніколі не будзе мець асалоду ад быцця. Не зможа так не адчуваць эстэтыкі ўзросту. Маладыя, здаровыя... Хаця — калі ён раніцай бег уздоўж мора, гэта далучала яго да курортнага, людства. Здараліся дні, калi яму здавалася: памыліліся эскулапы. Ён здаровы. Аднак боль нечакана насцігаў зноў, прыціскаў да зямлі, проста прыпячатваў у пясок. „Бо зямля ты i ў землю сыдзеш...”