Светлый фон

У адзін з такіх дзён, ідучы ад мора, Яўген зайшоў у кавярню, глынуў цёплага малака, а выходзячы, зірнуў на сябе ў люстра. На яго глядзеў скасцянела-худы мужчына са спалатнелым тварам. „Imago animi vultus est”. - „Твар — адбітак душы”? Нічога сабе адбітак.

У той дзень ён доўга заставаўся пасля Імшы ў касцёле, потым доўга туляўся па зялёных вулачках горада. „Ты выпрабаваў нас, Божа, Ты ператапіў нас як топяць срэбра...” „Цяпер радуюся ў пакутах маіх за вас...” „I сцежка Твая ў водах вялікіх...” Думкі Яўгена наслойваліся на мудрасць праведных. I адчуванне, што пакуты яго — пакаранне за легкадумнасць i грахі, але ж i выпрабаванне, спасланае Звыш, не тое каб сцішвала боль, ажно неяк прасвятляла чуццё i розум...

Тое, што ён трапіў выпадкова на мясцовы кірмаш, неяк нават абразіла яго. Аднак ён пайшоў паміж кірмашовымі прылаўкамі. Увогуле-то кірмаш — не тое слова. Так сабе, некалькі гандляроў. Трускаўкі, сыры з кменам. Зёлкі. Ён разглядаў надпісы — латынь, літоўская мова, руская. Твар жанчыны, што прапаноўвала зёлкі, падаўся яму знаёмым, недзе ён сустракаў яе. „Хварэеце?” — спытала яго жанчына. Ён моўчкі кіўнуў галавой. Спытаўшы пра хваробу, жанчына перамяшала некалькі траў, паклала ў адзін мяшочак, зрабіла некалькі асобных пакункаў з розных зёлак. „Дапаможа?” — спытаў, нібыта пра некага старонняга, Яўген. „Магчыма”, — строга адказала жанчына. I ён згадаў, дзе бачыў яе. У касцёле. Высокая, худая, валасы колеру неадбеленага льну — ці то сівізна, ці то натура такая. «Калі лекі падыдуць — напішыце, вышлю”, — яна падала Яўгену паперку з адрасам.

Амаль адразу пасля адпачынку Яўген, не аказваючыся дактарам, выправіўся на свой аб'ект. Яго задума відавочна матэрыялізавалася. Фундамент будынкаў існаваў. A Яўген выразна бачыў увесь ансамбль, як быццам той на самай справе быў скончаны. „Астральнае клішэ”? Ці проста звычайнае бачанне будаўніка i архітэктара?

Яўген працаваў i чытаў кнігі, якія яму дасылала разам з зёлкамі жанчына з таго прыбярэжнага горада. Рабіў напоі з зёлак. Думаў. Часам не ведаў, ці тыя думкі прыйшлі падчас малітвы, з якой ён звяртаўся да Пана, ці гэта ён прачытаў, ці думкі з’явіліся нібыта i безадносна, аднак i залежна ад малітоўна сцверджанага i прадуманага. Ён імкнуўся адарвацца ад болю.

Сённяшні дзень відавочна знітоўваўся з учарашнім i заўтрашнім. A мінулае вызнавалася, як час, што некалі быў будучым. I тое, што цяпер вымалёўвалася будучым, немінуча ператворыцца ў мінулае... I яго „я” - здаровае, легкадумнае „я” мінулага i ўзмоцненае вопытам пакут „я” сённяшняе i „я” заўтрашняе — гэта адзінае, бесперарыўнае „я”. I зямное жыццё адбываецца ў жыцці вечным. I ў тую вечнасць панясе ён з сабою памножаную пакуту сваю. Але тая пакута ці не памножыць збавенне?