Размова, аднак, не пра фільм i не пра Жэрара Філіпа, хаця гэты фільм i гэты актор давалі адчуць трагедыю той явы — калі ёсць плен напружанага творчага існавання, а плену не бачаць...
„Я — Мадыльяні...” Трагедыя лёсу... Калі паэт Збароўскі дарэмна лётаў па Парыжы, спрабуючы знайсці пакупнікоў на карціны Мадыльяні. Калі глядзела з сумам на тонкія разарваныя лініі на лістку паперы, прапанаваным мастаком за харч („Я не жабрак!), гаспадыня iтальянскай траторыі на вуліцы Кампань Прэм’ер — хіба ж яны вартыя, гэтыя лініі, смачнага кавалка мяса , што яна дае небараку?
Калі не толькі гэтая шынкарка Разалі, не разумела мастака, але ж i знаўцы жывапісу папракалі Мадыльяні: не ведае анатамічных прапорцый, грэбуе законамі калёраў, не разумее ўлады святла i ценяў.
... Мадыльяні памёр ад сухотаў у 36 год, яго Жанна выкінулася з вакна , ix маленькая дачка засталася адна...
А праз год адбылася выстава. I распачаўся ўхвальны шум прэсы, з’явіліся кнігі крытыкаў i даследчыкаў. Карціны Мадыльяні прадавалі i прадаюць за грошы, якія i не сніліся мастаку...
...Гісторыя старая, як свет. Паўтораная непамысную колькасць разоў... Мастакі, літаратары, кампазітары... Не кажучы пра актораў, музыкаў... Мастацтва імгненняў... Мастацтва непасрэднай сатворчасці з гледачамі i слухачамі... Па сённяшнім часе створанае імі таксама „матэрыялізуецца” — відавочна i надоўга, але для гэтага павінны спраўдзіцца ролі, адбыцца канцэрты... A колькі не спраўдзілася, не адбылося...
Хаця — i ў тых майстроў пэндзлю, майстроў прыгожага пісьменства, стваральнікаў чару мелодый - рознае здаралася... Рукапісы не гараць? Напісанае застаецца? I гараць, i знікаюць, i набываюць нечаканых гаспадароў.
„Колькі талентаў звялося”, „ не аплаканых нікім”...
Колькі? He пералічыць...
I якая ўсё ж галоўная асалода, уцеха творцы?.. Нават калі ён пэўна ведае прысуд лёсу: „ я ўміраю...”
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.
А за вокнамі — вясна. 26-я вясна ў жыцці... I мала што гэта год сусветных катаклізмаў (1917-ты) , у Крыму ўсёроўна ўсё ў квецені, усё жыве, усё шчасліва набірае сокі, усё святочна нагадвае аб радасці Быцця...
І неаспрэчна — апошнія дні, гадзіны, хвіліны... „Скончу век малады...” За вокнамі — ноч, побач — ні-ко-га. Аднак: „ Я не самотны, я кнігу маю...”
...Тоненькая кніжачка ў мяккай вокладцы... „Вянок”... Тым не менш — відавочны плён таленту. Вялікага таленту. Максіма Багдановіча...
I адчуванне свайго Дару. I сапраўднасць яго...
... Пакліканне Таленту... Адчуванне Духу Боскага... Што спатоліла душу Максіма Багдановіча i ў апошнія яго хвіліны... Што высвечвала вышыні творчага празарэння ў зямным быцці Шапэну — згадаем хаця б яго вальс мі мінор, створаны незадаўга да канца: яго пазначаюць — „пасмяротны”. Што надавала моцы Язэпу Драздовічу — мастаку, мысленніку, пісьменніку — ў яго падарожжах па роднай зямлі i ўражаннях ад свайго краю, увасобленых у вобразах мастацтваў выяўленчых i ў мастацкім слове, у яго касмічных мроях-празарэннях...