Светлый фон

— Трэба даць зарабіць і фабрыкантам, — кажа Грабар і голасна пырскае смехам.

— Смяецца, як жарабец да кабылы! — кіўнуў Шчур, устаючы з мяккага крэсла і падыходзячы да вакна.

Вечарэла. У пакоі сцямнела. Святло не запальваем. Маўчым. У пэўны момант Шчур вымавіў:

— Ведаеце што, хлопцы?.. Ці не досыць гэтага?.. Зараз залаты сезон, самая работа, а мы тут забабіліся, дзеўкам валасы пад пахамі падглядаем!..

— Хопіць гэтага! Заўтра вяртаемся! — рашуча кажу я.

Грабар маўчыць.

— I я вяртаюся! — кажа Шчур.

— Ну, дык і я з вамі, — адгукаецца Грабар. — Але трэба напаследак гульнуць! — дадае жвава. — Каб іскры ляцелі. Першая катэгорыя!

Затрымаліся на ўскраіне мястэчка і адпусцілі селяніна, які прывёз нас са станцыі Аляхновічы да Ракава.

— Вы, хлопцы, пастойце тут, я схаджу да Гусяра. Даведаюся, што чуваць у мястэчку, — кажа Шчур.

— Толькі вяртайся адным духам, — адказаў Грабар.

— Добра.

Шчур знік у цемры.

He вяртаўся больш за гадзіну, а калі нарэшце прыйшоў, дык сказаў:

— Ну, хлопцы, добра, што адразу не пайшлі на пункт. Там нас ужо другі дзень чакаюць… Зрабілі вобыск… Нехта данёс, што ты хаваешся ў Кручка… Усляпую, сабакі, тыкаюць пальцамі і трапляюць! Пра мяне яшчэ нічога не ведаюць… Толькі цябе шукаюць!.. Ну, і яго, — Шчур кіўнуў галавой на Грабара. — Але не ведаюць, хто ён такі.

— Што зараз рабіць? — запытаўся я ў Шчура.

— Ведаю адно месца… Мяліна мураваная і пункт добры… Толькі там трэба ці-і-ха…

— Дык вядзі туды!

Абмінаючы мястэчка, берагамі рэчкі выйшлі на поле. Доўга прабіраліся па вузкіх сцежках каля Іслачы. Затым, ідучы па палях нацянькі, наблізіліся да вялікага мураванага, але крыху разбуранага гмаху.

— Што гэта? — запытаўся ў Шчура.