У склад гэтай групы ўваходзіла дзесяць перамытнікаў-паўстанцаў, якіх вадзіў машыніст Вінцук Гетман — калега і сябра Альфрэда Алінчука. Гэтая акалічнасць яшчэ больш нас натхняла… Тавар яны насілі вельмі каштоўны і ніколі не засыпаліся. Зрэшты, група нядаўна сфармавалася. Шчур паведаміў нам, што Альфрэд уваходзіць у моцю з жыдам, які даваў тавар групе Гетмана.
Апошнім разам выведаўшы, якімі шляхамі ходзіць група, зрабілі засаду ў трох кіламетрах ад граніцы. Вырашылі накрыць іх на зваротным шляху ў Польшчу. Разлічылі, што тыя будуць змораныя пасля амаль 30 кіламетраў дарогі (іх мяліна знаходзілася пад Менскам). Акрамя гэтага, ведалі, што назад яны панясуць вялікую колькасць лёгкага і каштоўнага тавару — скурак. Ведалі, што тое месца, у якім наладзілі засаду, група Гетмана мінае на досвітку. А граніца ў іх з абодвух бакоў была закуплена, таму перасякалі яе вельмі чыста. Пасля ўважлівага вывучэння мясцовасці мы наладзілі засаду ў чыстым полі. Ззаду заставаўся Краснасельскі лес. Справа за дрыгвой і некалькімі пагоркамі знаходзілася вёска Гарані. Далёка перад намі распрасталася ў напрамку Смалярні чорная паласа лесу. Адсюль, уласна, і павінна была з’явіцца група Гетмана і, каб скараціць шлях, значную частку адкрытай прасторы мусіла перайсці лужком каля рэчкі, каб пасля схавацца ў Навапольскім лесе і рухацца да граніцы.
Грабар засеў пасярэдзіне лугавіны, за высокай купінай, у штучна павялічанай для гэтага яме. Шчур схаваўся ў малой капе, складзенай з некалькіх дзесяткаў снапоў на краю поля. Я прылёг справа ў кустах, на беразе рачулкі. Такім чынам мы ўтварылі трохкутнік, кожны бок якога меў каля 50 крокаў у даўжыню. Належала ўпусціць групу ў гэты трохкутнік — нібы ў сак — і пасля браць усіх.
На засаду прыйшлі а трэцяй гадзіне ночы. Яшчэ быў час пачакаць. Мы выпілі спірт, выкурылі па дзве папяросы, а пасля разышліся на вызначаныя месцы. Я падрыхтаваў рэвальвер і гранату. Зараз у кожнага было па пяць гранат (Шчур прыдбаў іх у мястэчку). Памалу віднее. Адрозніваю ўсё новыя абрысы ў наваколлі. Нарэшце змог заўважыць вузкую лугавіну і крыло лесу, што чарнела ўдалечыні, адкуль і павінна была выйсці група Гетмана.
Навокал пуста. Шумяць дрэвы з бліжэйшага лесу. Ціха шапоча рачулка, якая крадзецца па балоцістай глебе. Доўга гляджу ў напрамку лесу, а пасля шукаю позіркам сваіх таварышаў. Яны дасканала замаскіраваныя — можна толькі здагадвацца, дзе знаходзяцца. А ў апошні момант вырастуць як з-пад зямлі. Маю схованку таксама нельга заўважыць, нават з адлегласці ў некалькі крокаў.