Светлый фон

Дзяўчына вылезла з ложка. Падышла да стала. Паціху наліла з графіна ў шклянку вады і п’е, пазіраючы на мяне. Пасля вяртаецца да ложка і схіляецца нада мной. Я дыхаю рэгулярна і моцна. Доўга ўслухоўваецца, а затым паціху адсоўвае шуфлядку начнога століка і вымае адтуль партманет. З тоўстай пачкі банкнотаў бярэ некалькі паперак па дзесяць злотых. Кладзе назад складзены партманет, засоўвае шуфлядку на месца. Потым падымае з падлогі свой чаравік. Складвае ў некалькі разоў банкноты і моцна затыкае ў носік чаравіка. Паставіўшы паціху абутак на падлогу, яна асцярожна праслізнула назад. Залезла пад коўдру і прыслухоўваецца: ці сплю! Але я сплю!.. Сплю і ў душы смяюся.

Раніцай памыўся і старанна апрануўся. Лёля (так сказала яе завуць) таксама прыбралася. Заказаў багаты сняданак і запрасіў яе да стала. Паводзіў сябе з ёй вельмі ўважліва. Дапамагаў. Кожную хвіліну пытаў:

— А можа, Лёля яшчэ нечага хоча?

Дзяўчына ела хутка і прагна. Пасля сказала:

— Ну, мне ўжо досыць.

— Досыць?

— Так.

— Ну, дык развітаюся з паняй.

Падаю ёй руку. Тут яна неяк са злосцю і пісклява кажа:

— А за ноч?

Гэта мяне забаўляе.

— За ноч? — пытаюся.

— Так… за ноч!.. Што ж ты сабе думаеш?..

Гляджу ўважліва ёй у вочы. Доўга маўчу. Тая пачынае адыходзіць задам да дзвярэй. Набліжаюся да яе. Нахіляюся і зрываю з яе нагі чаравік. З цяжкасцю вымаю банкноты. Раскручваю іх. Там 70 злотых. Аддаю ёй дзесяцізлотны банкнот, а рэшту хаваю ў кішэню.

— Трымай за ноч!

Хацела нешта сказаць, але я паказаў ёй даланёй на дзверы. Спяшаючыся, выйшла на калідор. Крыху пазней да мяне завітаў Грабар, і мы разам пайшлі ў гатэль да Шчура.

* * *

Скуркі на ложку. Скуркі на стале. Шмат скурак ляжыць на крэслах, на падлозе, на падваконніках. Ёсць тут лісы: жоўтыя, белыя і блакітныя, ёсць і куніцы, выдры, каракуль, вавёркі. Заблудзіліся сюды і 300 скурак янотаў (венгерскіх катоў), 15 пачак па 20 штук у кожнай. Чаму «заблудзіліся» — бо каты звычайна «ідуць» ад нас да Саветаў. Гэта адзіныя скуркі, якія перамытнікі нясуць у Расею.

У пакоі акрамя нас яшчэ трое жыдоў. Гэта гандляры. Яны сарціруюць тавар па гатунках і ўважліва ўглядаюцца ў кожную скурку. Дзьмухаюць на поўсць, спрабуюць даланёй два бакі, глядзяць на святло.

Нарэшце ўвесь тавар параскладаны. Пачынаецца торг паміж Шчурам і купцамі. Са здзіўленнем даведваюся, што вырабленыя скуркі каштуюць танней, чым нявырабленыя. Шчур растлумачыў мне пазней, што ў Еўропе не цэняць расейскія метады вырабу футра і таму за вырабленыя плоцяць менш. Мардэры прадалі агулам па 12,5 даляраў за скурку, а феі — па 20 даляраў за пачку (20 скурак). Гэтага тавару было найбольш. Пасля дамаўляемся на цану венгерскіх катоў — таксама па 20 даляраў за пачку… Гандляры таргуюцца. Клянуцца: «Каб я так сваіх дзяцей не ўбачыў, як я на гэтым інтарэсе трачу!» Нарэшце плоцяць нам за ўсё адразу, агулам 7500 даляраў.