— Сёння прыйдуць і сёння вырушаць назад. Ведаю гэта на «пэ»… Разумееце, нясуць сюды дарагі тавар, а за мяжу возьмуць яшчэ даражэйшы: скуркі за тры партыі тавару. «К.п.у.»? Гэта будзе работа!.. Толькі зважайце, у Гетмана ёсць машына… Грабар стане ля варот, а ты пакладзеш іх і правядзём рэвізію. Забярэш «рулю» ў Гетмана… Грошы не шукай, не знойдзеш шмат, а тавар будзе ў мяшках… Павінны ўжо падысці. Выйшлі раней за нас, а зараз дванаццаць.
Праз квадру гадзіны пачулі каля сцяны стадолы шолах ад крокаў. Пасля ўсё заціхла.
— Пайшлі да гаспадара, — нячутна вымавіў Шчур. Неўзабаве пачаўся гоман ля дзвярэй. Заскрыпелі засовы. Зарыпелі вароты стадолы. Разлеглася шаргатанне крокаў аб ток. Гаспадар выняў з-пад кажуха запаленую лямпу і паставіў яе непадалёку ад варот. Мы ўбачылі перамытнікаў, якія круціліся па стадоле. Скідалі з плячэй ношкі і складалі іх каля выйсця. Рассцілалі сена на таку і клаліся адпачываць. Гаспадар, Гетман і яшчэ два перамытнікі ўзялі ношкі і пайшлі з гумна. Праз некалькі хвілін вярнуліся, несучы пяць вялікіх ношак. Там былі белыя і чорныя каракулевыя скуркі, якія паўстанцы меліся занесці ў Польшчу. На двух выпадала адна ношка, якую вымушаны былі несці па чарзе.
Лежачы на сене, сланы курылі папяросы.
— Есці будзеце? — запытаў гаспадар Гетмана.
— He. Зараз жа вяртаемся. Трэба да раніцы перайсці граніцу. Вып’ем і ў дарогу, — вымавіў перамытнік.
— Як хочаце, — адказаў селянін.
— Можа, прынясеце крыху яблык? У вас добрыя антонаўкі, — пачуўся голас нейкага паўстанца.
— Антонаўка ў мяне выдатная! — кажа гаспадар і, хаваючы пад кажух ліхтар, выходзіць са стадолы.
Робіцца цёмна. У змроку гараць агеньчыкі папяросаў. Чуваць скупыя выразы. Усе прагнуць адпачыць. Некаторыя дрэмлюць. Тады Шчур паціху кажа:
— Грабар ад варот! Ты ўсярэдзіну!..
— Пайшло… Першая катэгорыя! — шэпча Грабар.
Выходзім са схованкі і па пацёмках рухаемся наперад. Трымаю ў левай руцэ ліхтарык, а ў правай узведзены парабелум. Набліжаюся да паўстанцаў, якія нягучна размаўляюць… Чакаю…
— Тут нехта чужы, — чую голас з цемры.
Тады запальваю ліхтарык і высоўваю наперад парабелум. Ад варот гумна і ад засекаў бліскаюць ліхтарыкі сяброў.
— Рукі ўгору! Раз, два… Ну, бо ў лоб!
— Класціся ніцма! — крычыць Грабар.
Усе змоўклі. Бачу, як Гетман спадцішка апускае руку ўніз. Ведаю, што хоча адкінуць убок рэвальвер. Шчур ідзе да варот стадолы. Адчыняе іх. Выкідвае на двор ношкі са скуркамі. Я абшукваю па чарзе паўстанцаў. Пачынаю з Гетмана, у якога забіраю зараджаны наган.
— Таксама маеш кіпцюрыкі! — кажу яму.
Неўзабаве агледзеў усіх паўстанцаў. У кантралёра знайшоў каля тысячы рублёў золатам.