Светлый фон

— Вось элегантная: нават на работу бярэ запасную бялізну!.. Гэта на выпадак, калі перапалохаецца!

Пазней сказаў мне:

— He мог як належыць абшукаць яе. Трэба было дагала распрануць.

— Ён жа не распранаў яе і ўсё знайшоў, — вымавіў Шчур. — А ты б усю распрануў і нічога б, акрамя кудлаў, не ўбачыў!

Добра зарабілі на гэтай групе, якая неспадзявана трапіла нам у рукі. Пасля Грабар знайшоў у лесе згублены паўстанцам картуз. Распаролі яго, але нічога не знайшлі… Надзіва ўпарты тып! Навошта яму спатрэбіўся гэты стары картуз? Я быў упэўнены, што там знаходзяцца грошы.

Ідзём на мяліну ў лес. Там раскладаем вогнішча. Ядзім, курым, п’ём спірытус, але застаёмся незадаволеныя. Тое, што група Гетмана ўцякла з-над носа, усіх нас злуе.

— Ну, нічога… Паглядзім! — бліскаючы вачыма, кажа Шчур. Без пытанняў ведаем, што той мае на ўвазе. Разумеем адзін аднаго па погляду, руху.

* * *

Пачаліся дажджы. Ночы былі чорныя. Мы ныралі ў іх, нібы ў сажу. Працягвалі ганяцца за групай Гетмана. Калі Шчур прадаў за нішто рэштку тавару, якога ў нас назбіралася шмат, то сказаў:

— Ну, хлопцы, зараз бяромся за Гетмана. Павінен ён у нас лопнуць, халера!

— I лопне! — урачыста вымавіў Грабар.

— Зараз па-іншаму будзем браць яго! — сказаў Шчур.

— Як? — запытаўся я.

— Як? — паўтарыў маё пытанне. — А так, на мяліне. Як яны ў дарогу, то і мы ў дарогу; яны на мяліну, і мы на мяліну. Яны з мяліны шусь! а мы: цап за морду! Баліць, халера, сармак або тавар!

— Гэта клёва! — пацвердзіў Грабар, стукаючы даланёй аб калена.

Шчур вяртаецца ў мястэчка, а я з Грабаром мялінуем у лесе. Знайшлі дасканалую схованку. На выпадак шухеру можна лёгка развеяцца ва ўсе бакі. Увечары Шчур прыбег да нас:

— Ну, хлопцы, у дарогу!.. Пайшлі!..

Інстынктыўна знаходзячы дарогу ў поўнай цемры, накіроўваемся ў бок Менска, на пункт, дзе знаходзіцца мяліна Гетмана. Як толькі змерклася, мы выйшлі. Крочым вельмі хутка, без адпачынку і а дванаццатай гадзіне ночы апынаемся недалёка ад пункта. Шчур неўпрыкметку пералез праз плот і пракраўся да стадолы. Неўзабаве вярнуўся да нас.

— Ну, паехалі, хлопцы! Усё ў парадку!

Падаліся да стадолы. Улезлі праз падваротню ўсярэдзіну. Там гаспадарыла цішыня і цемра. У левым баку стадолы ўгары былі вышкі, на якіх спалі паўстанцы. Справа стаяла сячкарня і ляжалі горы снапоў. У адным куце я прыкмеціў некалькі дзесяткаў мяшкоў з зернем. Паміж імі і сцяной быў праход. Туды мы і схаваліся. Шчур сказаў нам: