— Хадзі! — кліча мяне Грабар.
Іду да адчыненых варот, пасля адварочваюся назад і кажу:
— Да раніцы каб ніхто не падумаў выйсці адсюль, бо як зловім каго за стадолай… застрэлім!
Калі апынуліся на дзядзінцы, я заўважыў гаспадара, які ішоў удалечыні з ліхтаром у руцэ. Сам ліхтар быў прыкрыты кажухом і кідаў уніз на зямлю мігатлівыя плямы святла. Я падбег да яго. Узяў з рук гаспадара кош з яблыкамі і паставіў на зямлю. Пасля бліснуў яму ліхтарыкам у вочы і вымавіў:
— Ты арыштаваны. Са стадолы не выходзіць, бо схопіш кульку!
Адчыніў вароты і ўвапхнуў усярэдзіну абамлелага ад страху селяніна. Пасля зноў замкнуў дзверы на засоўку.
Я і Грабар узялі па дзве ношкі, а Шчур адну. Павольна рушылі наперад. Ахутваў нас густы змрок. Неслі значны цяжар і таму вымушаныя былі часта адпачываць. Да раніцы ледзьве паспелі дабрацца да нашай схованкі ў Краснасельскім лесе. Вечарам у той жа дзень занеслі тавар у мястэчка, і Шчур з вялікімі стратамі апыліў яго.
А праз два дні зноў паклалі групу Гетмана. Шчур даведаўся ў мястэчку, што партыя Гетмана ідзе на іншую мяліну. Прыбег да нас удзень:
— Ну, хлопцы, — вымавіў са злосным бляскам у вачах. — Сёння Гетман са сваімі зноў валіць у дарогу. Трасянём іх тут… у мястэчку. Вось будзе гаю, ваю… Вырушаць з пуні Мальцысяка, з Загуменнай… Толькі рабіць з трэскам! Дадзім ім перцу панюхаць!
Увечары зрабілі засаду паблізу стадолы, у якой павінны сабрацца паўстанцы. Калі зусім сцямнела, мы пералезлі праз плот і залеглі па барознах, у дзесяці кроках ад увахода ў пуню. Пачулі, як недалёка ад нас затрымаўся воз, з якога выгрузілі тавар. Пасля воз ад’ехаў, і да пуні пачалі падыходзіць паўстанцы. Крочылі па аднаму і ўдвух. Даносіліся іх прыглушаныя размовы.
— Ужо ўсе? — разнёсся голас Гетмана.
— Няма Янкі Келба, — адказаў хтосьці.
— Зараз прыйдзе. Пайшоў на спірт для нас, — адказаў іншы паўстанец.
Праз некалькі хвілін пачуліся хуткія крокі, скіраваныя ў наш бок. Той, хто ішоў, завярнуў да пуні, адамкнуў вароты і ўвайшоў усярэдзіну. Мы ўзляцелі на ногі і ўслед за ім апынуліся ў пуні. Амаль адначасова засвяцілі ліхтарыкамі і, высоўваючы ў промнях святла рэвальверы, загадалі:
— Рукі ўгору!
— Сядаць!
Зноў абшукаў сланоў. I зноў пачаў з Гетмана. Забіраючы ў яго наган, сказаў яму:
— Як трэці раз знайду ў цябе такую цацку, дык табе са лба ёй мазгі выдзьму! Разумееш?
Абшукаў усіх сланоў. Рабіў гэта знарок марудна. Тым часам Грабар павыкідваў з пуні ўсе ношкі, а Шчур адносіў іх на дзве адразу далёка ў поле. Пасля я загадаў перамытнікам не выходзіць да раніцы і замкнуў вароты. Натуральна, не паслухаюць нас: выйдуць раней, але нас гэта не абыходзіла.