Светлый фон

— Хочаце адчыніць краму альбо які-небудзь інтарэс?

Вочы жанчыны радасна бліснулі.

— Але з чаго?

— Я дам 1000 рублёў, — сказаў Шчур.

— I я дам тысячу, — вымавіў услед за ім я.

— Я таксама дам тысячу, — дадаў Грабар.

— Як я гэта вам выплачу? — прамовіла жанчына.

— Увогуле не трэба! Гэта яму, — Шчур паказаў пальцам на Маманта. — Толькі дбайце пра яго, пра гэтага… маманта, бо яго і дзіця скрыўдзіць. А зараз свет такі: слабога, добрага, сарамлівага зубамі загрызуць.

Мы далі жонцы Маманта 3000 рублёў і пакінулі іх жытло.

Назаўтра Шчур прынёс мне пошту, якая прыйшла на яго адрас, але была прызначана мне. Пошта была з Вільні ад Петруся. У ёй знаходзіўся ліст і маленькая скрыначка з дасканалым бэзардоўскім компасам у скураным футарале. Ніколі не думаў пра набыццё компаса, хоць гэта была вельмі зручная і патрэбная для мяне рэч. Зараз мог беспамылкова, у найцямнейшую ноч, па зусім незнаёмай мясцовасці адшукаць патрэбны мне накірунак!

Увечары доўга глядзеў на стрэлку компаса, якая свяцілася, і, замілаваны, думаў пра Петруся:

«Як яму гэта прыйшло ў галаву?.. Аднак жа думаў пра мяне… Купіў гэта мне!..»

13

13

Пасярэдзіне Краснасельскага лесу, у трох кіламетрах ад граніцы, ляжыць перасечаная наўскос трактам вялізная паляна. З паўднёвага боку той паляны знаходзіцца шырокі, цёмны, густа зарослы дрэвамі лог. Туды часта пракрадаюцца паўстанцы, якія, каб скараціць шлях, хутка пераходзяць паляну і знікаюць у гушчары кустоў, якія разрасліся па берагах логу.

У ста кроках ад левага краю той паляны адной ноччу вырас кусцік, а за ім з’явілася нябачная здалёк ямка. А ў дзесяці кроках, злева, на ўскрайку логу апынулася капа сена… Я сядзеў у ямцы за кусцікам, а Шчур схаваўся ў капе. Грабар вартаваў у хмызняку ў дзесятку кроках ад месца, дзе сутыкаўся край лесу з логам. Такім чынам мы наладзілі сак, накшталт таго, як раней паблізу Гараняў, калі выпадкам злавілі ў яго, замест групы Гетмана, шэсць перамытнікаў і перамытніцу.

Праз гадзіну пасля ўзыходу сонца я заўважыў людзей, якія выходзілі з лесу на другім баку паляны. Крочылі спяшаючыся, стараючыся як хутчэй перайсці адкрытую прастору… Усе ў чорных кароткіх куртках і доўгіх ботах… Набліжаюцца да мяне. Праходзяць у некалькіх кроках ад маёй засады і набліжаюцца да купы кустоў на паляне. Бачу, як ім насустрач, — каб не дапусціць занадта блізка да лесу, — бяжыць Грабар. Паўстанцы не адразу заўважылі яго. Пасля, аслупянеўшы, сталі. Разнёсся голас Грабара:

— Рукі ўгору!

Паўстанцы лавінай кінуліся ўлева, на ўскрай паляны. З капы сена выскачыў Шчур. У руках трымаў два рэвальверы. Крыкнуў ім зблізку: