Светлый фон

Перанеслі тавар да перакупшчыка, якога Шчур папярэдзіў пра гэта ўдзень. Праз паўгадзіны пасля гранды тавар ужо быў апылены. Узялі мы ледзь за трэцюю частку яго вартасці.

Шчур весела смяяўся.

— Гэта будзе гутаркі! Гэта будзе гаю! Але сваё зрабілі. А як з’явіцца магчымасць, дык і трэці раз іх пакладзём!

Некалькі дзён мы патрацілі, каб сабраць на мяліну ўвесь схаваны па розных месцах тавар і каб перанесці яго адтуль да перакупшчыка. Прадалі ўсё і маем вольныя рукі. Вырашылі некалькі дзён адпачыць.

Я і Грабар днём снім у бровары, а ноччу бадзяемся паблізу Ракава. Ходзім па лясах, па палях, па дарогах, а часам запускаемся ў мястэчка. Шчур тым часам рыхтуе нам будучую работу. Сустракаемся з ім начамі.

Зараз у мяне акрамя тых 6000 даляраў, якія даў на захаванне Петрусю, яшчэ 8500 даляраў і больш 2000 рублёў золатам. Большую частку тых грошай схаваў у ліпе Кручка. Грабар таксама захоўвае там свае грошы. Называем гэтую схованку (дупло старой ліпы) нашым банкам.

Неяк вечарам пайшоў разам са Шчурам і Грабаром да Маманта, які закульгаў так моцна, што вымушаны быў пакінуць перамытніцкую працу. Калега сустрэў нас з радасцю. Пазавешваў вокны фіранкамі і пазачыняў ваканіцы. Мы пачалі піць гарэлку. Мамант доўга прыглядаўся да мяне, пасля павольна вымавіў, з напругай складаючы выразы ў словы:

— Ці гэта… праўда… што ты… гэтага?..

— Што? — запытаўся яго.

— Пад-поль-нік?..

Шчур пырснуў смехам, а пасля дадаў:

— Цёмная твая галава, Мамант… Гэта мы ўсе кладзём паўстанцаў. Разумееш?.. Накрываем іх і там і тут… Бачылі яго, калі іх стрыг, ну і плявузгаюць!

Мамант кіўнуў мне галавой, і весела заблішчалі яго вочы.

— Гэта, браце, ім за ўсё! — казаў далей Шчур. — за Кручка, і за Лорда, і за тое, што яны цапы, хамы, быдла!..

Выпіў шклянку гарэлкі і стукнуў кулаком па стале:

— Як захочам, ні адну групу за граніцу не выпусцім! Наша граніца, а не іх! Наша ўжо!.. Нас трое, а іх трыста, і ніводны не пяройдзе! Ніводны!.. Наша граніца!..

Мамант піў і ківаў галавой. Яго твар быў нібы выбіты з каменю, і толькі вочы асілка, дзіцячыя, добрыя, весела ўсміхаліся нам, і ў іх адбівалася мноства розных пачуццяў і думак, якіх ніколі не здолеў выказаць словамі.

Калі збіраліся адыходзіць, Шчур паклікаў жонку Маманта і сказаў ёй:

— Няма ў вас зараз пацехі з мужа… Што?

— Што рабіць? Я не наракаю…