— Го-го-го!.. Тры-майце фартоўцаў, жыканоў, мудакоў, блатнякоў, шубраўцоў, задавакаў!..
Калі пазней мы занеслі тавар на мяліну, Шчур сказаў:
— Ну, зараз і мне канец. Усё мястэчка будзе ведаць. Зараз і я павінен хавацца.
— Нічога, дадзім рады! — кажа Грабар.
А праз пару дзён наладзілі паляванне на нас. Мы былі па пэўнай справе паблізу Менска. Ноччу пачаў ліць дождж. Да раніцы перайшлі з Архірэйскіх лясоў у Старасельскі.
Зрабілі днёўку ў лесе недалёка ад тракта на 19-й вярсце ад Менска. Прамоклі да апошняй ніткі. Незадоўга перад палуднем дождж аціх, і мы расклалі вогнішча, каб абагрэцца і высушыць рэчы. Дым вогнішча мог выдаць, але мы не звярталі на гэта ўвагу.
Вартавалі па чарзе, па адным, і сушылі рэчы каля полымя, у якое кідалі вялікія палкі са складзенай непадалёк паляніцы дроў. У нейкі момант паблізу ад нашай схованкі прайшло двух пастушкоў. Хлапцы, затрымаўшыся на хвіліну, з цікавасцю зіркалі на нас.
— Ну, чаго там? — крыкнуў ім Грабар. — Шуруйце далей!
Пастушкі, спяшаючыся, зніклі ў кустах. А праз гадзіну (я тады высушыў адзенне і стаяў на варце) пачуў у лесе нейкі падазроны шолах. Адвярнуў галаву ўлева і нечакана мой позірк мімаходам сустрэўся з поглядам людзей, вочы якіх сачылі з-за кустоў за мной. Акрамя гэтага заўважыў чорную скураную шапку з чырвонай пяціпраменнай эмалевай зорачкай. Ведаў, што за мной сочаць, але не выказаў непакою, толькі зняў забеспячальнік з рэвальвера і паставіў нагу на вогнішча. Сябры са здзіўленнем паглядзелі на мяне. Рухамі рук паказаў ім, каб хутка апраналіся. Зрабілі гэта, не трацячы ні адной хвіліны, але не паказаліся са схованкі. Я паказаў даланёй у накірунку бліжэйшых кустоў. Там чуліся штораз выразнейшы шоргат і прыглушаны шэпт. Чуў іх і справа, і злева. Нечакана недалёка коратка гаўкнуў сабака. Тады я схіліўся і шапнуў хлапцам:
— Гранаты! Жвава!
Сябры вынялі забеспячальнікі з шасці разрыўных французскіх гранат і падалі мне дзве. У тую ж хвіліну кінуў адну гранату проста ў купіну кустоў перад сабой, а другую крыху далей. Шчур і Грабар у той жа момант кінулі гранаты направа і налева. Праз некалькі секунд гранаты пачалі выбухаць. Лес затрымцеў. У паветра паляцелі фантаны зямлі. Трашчалі галіны дрэў. Пачуліся крыкі і тупат уцякаючых людзей. А мы адразу пайшлі на захад. Стараліся не рабіць галасу.
Доўгі час панавала цішыня, а пасля прагучаў стрэл з карабіна. За ім усчалася частая страляніна. Не адказалі аніводным стрэлам
і ўсё рухаліся наперад. Праз нейкі момант ззаду разнёсся сабачы брэх.
— Дрэнна! — вымавіў Шчур. — Ідуць за намі з сабакам, а да вечара далёка.