– Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, я зноў тут, – падаў голас ад дзвярэй Швейк з такой шчырай нязмушанасцю, што надпаручнік Лукаш адразу апамятаўся.
З таго самага моманту, калі палкоўнік Шрэдэр заявіў, што зноў пасадзіць яму на шыю Швейка, надпаручнік Лукаш штодня ў думках аддаляў гэтае спатканне. Штораніцы ён гаварыў сабе: «Сёння ён яшчэ не прыйдзе. Можа, ён там нечага натварыў, і яго яшчэ там пакінуць».
Але Швейк разбурыў усе гэтыя разлікі сваім з’яўленнем, так міла і проста ажыццёўленым.
Швейк спачатку паглядзеў на старшага пісара Ванака і, павярнуўшыся да яго з прыемнай усмешкай, падаў паперы, якія выцягнуў з кішэні шыняля.
– Асмелюся далажыць, пан старшы пісар, гэтыя паперы, якія мне выдалі ў палкавой канцылярыі, я павінен аддаць вам. Гэта наконт майго жалавання і залічэння мяне на забеспячэнне.
Швейк трымаўся ў канцылярыі адзінаццатай маршавай роты так вольна і раскавана, як быццам ён з Ванакам быў у самых прыяцельскіх адносінах, на што старшы пісар адрэагаваў толькі словамі:
– Пакладзіце на стол.
– Вы зробіце мне ласку, старшы пісар, калі пакінеце нас са Швейкам сам-насам, – уздыхнуўшы, прамовіў надпаручнік Лукаш.
Ванак выйшаў і застаўся за дзвярыма падслухоўваць, пра што яны будуць гаварыць.
Спачатку ён не чуў нічога, бо Швейк і надпаручнік маўчалі. Абодва доўга пазіралі адзін на аднаго. Лукаш глядзеў на Швейка так, нібы хацеў яго загіпнатызаваць, як пеўнік, які стаіць перад курачкай і рыхтуецца на яе ўскочыць.
Швейк, як заўсёды, пазіраў сваім цёплым, пяшчотным поглядам на надпаручніка, быццам хацеў яму сказаць: «Мы зноў разам, мая душачка. Цяпер нас ужо нішто не разлучыць, галубок мой». I з той прычыны, што надпаручнік доўга не абзываўся, вочы Швейка гаварылі яму жаласлівай пяшчотай: «Дык скажы што-небудзь, залаты мой, вымаві хоць слоўца!»
Надпаручнік Лукаш перапыніў гэтае пакутлівае маўчанне словамі, у якія стараўся ўкласці дастатковую долю іроніі:
– Шчыра вітаю вас, Швейк! Дзякуй вам за візіт. О, сёння ў нас госці!
Але ён не стрымаўся, і ўся злосць, што сабралася за апошнія дні, вылілася ў страшным удары кулаком па стале. Чарніліца падскочыла і заліла чарнілам ведамасць на жалаванне. Адначасова з чарніліцай падскочыў надпаручнік Лукаш і, стаўшы ўсутыч да Швейка, зароў:
– Жывёліна!
Ён пачаў хадзіць узад і ўперад па вузкім праходзе ў канцылярыі і, як толькі апынаўся перад Швейкам, кожны раз адплёўваўся.
– Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, – сказаў Швейк, хаця надпаручнік Лукаш не пераставаў бегаць па канцылярыі і люта кідаць у кут скамечаныя аркушы паперы, па якія ён час ад часу падыходзіў да стала, – ліст я аддаў у поўным парадку. На шчасце, я застаў дома саму пані Какань, і магу сказаць, што гэта надта прыгожая жанчына, бачыў, праўда, я яе толькі, калі яна плакала…