Надпаручнік Лукаш сеў на ложак вайсковага пісара і хрыплым голасам закрычаў:
– Калі ўрэшце будзе гэтаму канец? Швейк, нібы недачуўшы, адказаў:
– Потым са мной там здарылася маленькая непрыемнасць, але я ўсё ўзяў на сябе. Праўда, мне не верылі, што я перапісваюся з гэтай пані, а я, каб зусім іх заблытаць, у час допыту праглынуў ліст. Потым я абсалютна выпадкова – іначай я гэта не магу вытлумачыць – ублытаўся ў невялікую, надта нязначную бойку, але неяк адкруціўся. Прызналі маю невінаватасць, паслалі на палкавы рапарт, і ў дывізіённым судзе следства спынілі. У палкавой канцылярыі я чакаў толькі некалькі хвілін, пакуль прыйшоў палкоўнік, які мяне трохі палаяў і сказаў, што я павінен адразу ж, пан обер-лейтэнант, з’явіцца да вас з рапартам аб уступленні на пасаду ардынарца. А таксама пан палкоўнік загадаў мне далажыць вам, каб вы неадкладна прыйшлі да яго па справах маршавай роты. З таго часу прайшло больш чым паўгадзіны. Але пан палкоўнік не ведаў, што мяне яшчэ пацягнуць у палкавую канцылярыю і што я там прасяджу больш чым чвэрць гадзіны.
A сядзеў я там таму, што за гэты час мне затрымалі жалаванне, якое павінна было быць выплачана мне не ў роце, а ў палку, бо я лічыўся палкавым арыштантам. Там усё так перамяшалі і пераблыталі, што звар’яцець можна.
Пачуўшы, што яшчэ паўгадзіны таму назад ён павінен быў быць у палкоўніка Шрэдэра, надпаручнік пачаў хутка апранацца.
– Зноў, Швейк, вы зрабілі мне ласку! – сказаў ён голасам, поўным такой безнадзейнасці, што Швейк паспрабаваў супакоіць яго прыязным словам, пракрычаўшы наўздагон:
– Не спяшайцеся, пан палкоўнік пачакае, яму ўсё роўна няма чаго рабіць.
Надпаручнік Лукаш кінуўся за дзверы. Праз хвіліну ў канцылярыю ўвайшоў старшы пісар Ванак.
Швейк сядзеў на крэсле і падкладваў у маленькую жалезную печку вугаль, не звяртаючы ўвагі на Ванака, які нейкі час назіраў за ім, але, нарэшце, не вытрымаў, нагой прычыніў дзверцы печкі і загадаў Швейку, каб ён выбіраўся адсюль.
– Пан старшы пісар, – з годнасцю прамовіў Швейк, – дазвольце вам заявіць, што ваш загад выбірацца адсюль і наогул з лагера пры ўсім маім жаданні выканаць не магу, бо я падначальваюся вышэйшай інстанцыі. Я тут ардынарац, – горда дадаў ён. – Пан палкоўнік Шрэдэр прыкамандзіраваў мяне да адзінаццатай маршавай роты, да пана обер-лейтэнанта, у якога я раней быў дзеншчыком, але дзякуючы маёй прыроджанай інтэлігентнасці я атрымаў павышэнне на ардынарца. Мы з панам обер-^лейтэнантам ужо старыя знаёмыя. А чым вы займаліся, пан старшы пісар, да вайсковай службы?
Палкавы пісар Ванак быў настолькі ашаломлены фамільярным, панібрацкім тонам удалага салдата Швейка, што, не клапоцячыся аб сваёй годнасці, якую вельмі любіў падкрэсліваць перад салдатамі сваёй роты, адказаў так, быццам быў падначаленым Швейка: