– Вы, прашу прабачыць, сказалі, каб я павесіў трубку.
– Праз гадзіну я прыйду дадому, так што абрадуецеся… Зараз жа збірайцеся і шыбуйце ў барак, знайдзіце там якога-небудзь узводнага, хоць бы Фукса, і скажыце яму, каб ён неадкладна ўзяў дзесяць салдат і ішоў з імі на склад атрымліваць кансервы. Паўтарыце, што ён павінен рабіць.
– Ісці з дзесяццю салдатамі на склад атрымліваць кансервы для роты.
– Нарэшце хоць раз не па-дурному. Я пакуль што пазваню Ванаку ў палкавую канцылярыю, каб ён таксама ішоў на склад прыняць кансервы. Калі ж ён тым часам вернецца ў барак, няхай кіне ўсё і бяжыць на склад. А цяпер павесьце трубку.
Швейк даволі доўга шукаў узводнага Фукса і іншых унтэраў. Усе яны аціраліся на кухні, абгрызалі мяса з касцей і пацяшаліся над прывязаным Балоўнам, які, аднак, стаяў усёй ступнёй на зямлі: над ім злітасцівіліся. Гэта было цікавае відовішча. Адзін з кухараў прынёс Балоўну рабрыну і сунуў яму проста ў рот. Прывязаны барадаты велікан Балоўв, не маючы магчымасці дзейнічаць рукамі, асцярожна пасоўваў косць у роце, балансуючы ёю з дапамогай зубоў і дзяснаў. Ён абгрызаў мяса з выглядам лесуна.
– Хто тут з вас узводны Фукс? – спытаў Швейк, адшукаўшы нарэшце унтэраў.
Узводны Фукс не палічыў патрэбным адгукацца, убачыўшы, што яго пытае нейкі звычайны пяхтур.
– Я пытаюся ў вас, – павысіў голас Швейк, – дзе тут узводны Фукс? Доўга я буду яшчэ вас пытаць?
Узводны Фукс выйшаў наперад і з вышыні сваёй годнасці пачаў усяляк абкладваць Швейка: ён, маўляў, не ўзводны, а пан узводны, і нельга крычаць: «Дзе ўзводны?», а трэба звяртацца: «Асмелюся далажыць, ці тут знаходзіцца пан узводны?» У яго ўзводзе, калі хто забудзецца сказаць: «Ich melde gechorsam», тут жа атрымае па мордзе.
– Нуну, не так хутка! – разважліва сказаў Швейк. – Зараз жа збірайцеся, ідзіце ў барак, вазьміце там дзесяць чалавек і бягом марш разам з намі на склад атрымліваць кансервы.
Узводны Фукс быў настолькі ашаломлены, што змог вымавіць адно:
– Чаго?..
– Ніякіх «чаго», – адказаў Швейк. – Я ардынарац адзінаццатай маршавай роты і толькі што размаўляў з панам обер-лейтэнантам Лукашам, і той сказаў: «Бягом марш з дзесяццю радавымі на склад». Калі вы не пойдзеце, пан узводны Фукс, то я тут жа вярнуся да тэлефона. Вы, паночку, яшчэ не ведаеце пана обер-лейтэнанта!
Швейк пераможна паглядзеў на унтэр-афіцэраў, якія яго выступленнем былі ашаломлены і аглушаны. А Швейк, не прамовіўшы болей ні слова, пакінуў іх.
– Пачынаецца! – сказаў прысадзісты капрал Блажак. – Будзем пакавацца.
Швейк вярнуўся ў канцылярыю адзінаццатай маршавай роты. Не паспеў ён запаліць люльку, як зазваніў тэлефон. Ca Швейкам зноў загаварыў надпаручнік Лукаш.