Светлый фон

– Дзе вы сноўдаецеся, Швейк? Званю ўжо трэці раз, а ніхто не адзываецца.

– Шукаў, пан обер-лейтэнант.

– Ну, пайшлі?

– Вядома, пайшлі, але яшчэ не ведаю, ці дайшлі. Можа, яшчэ раз збегаць?

– Вы знайшлі ўзводнага Фукса?

– Знайшоў, пан обер-лейтэнант. Спачатку ён мне сказаў «чаго?», і толькі калі я яму растлумачыў…

– Не трацьце часу, Швейк!.. Ванак яшчэ не вярнуўся?

– Не вярнуўся, пан обер-лейтэнант.

– Ды не гарлайце вы так у трубку! Не ведаеце, дзе можа быць цяпер гэты пракляты Ванак?

– Не ведаю, пан обер-лейтэнант, дзе можа быць цяпер гэты пракляты Ванак.

– Ён быў у палкавой канцылярыі, але кудысьці пайшоў. Можа, у канціне*? Ідзіце туды, Швейк, і скажыце яму, каб ён неадкладна ішоў на склад. Ды вось яшчэ што. Зараз жа знайдзіце капрала Блажака і скажыце яму, каб адвязаў Балоўна, і пашліце Балоўна да мяне. Павесьце трубку.

Швейк сапраўды пачаў увіхацца, адшукаў капрала Блажака і перадаў яму загад надпаручніка адвязаць Балоўна. Капрал Блажак прабурчаў:

– Пэўна, пабойваюцца, калі так забегалі! Швейк пайшоў паглядзець, як будуць адвязваць Балоўна і потым правёў яго, бо гэта было па дарозе да канціны, дзе трэба было звайсці старшага пісара Ванака.

Балоўн глядзеў на Швейка як на свайго збавіцеля, і абяцаў яму дзяліцца ўсімі сваімі пасылкамі, якія атрымае з дому.

– У нас хутка будуць калоць свінню, – меланхалічна сказаў Балоўн. – Ты якую свіную каўбасу любіш: з кроўю ці без крыві? Ты скажы, а я сёння вечарам напішу дадому.

Барадаты Балоўн цяжка ўздыхнуў і пайшоў у палкавую канцылярыю, а Швейк накіраваўся па старой алеі высокіх ліп да канціны.

Старшы пісар Ванак тым часам выгодна сядзеў у канціне і апавядаў штабному пісару, колькі можна было зарабіць перад вайной на эмалевых і клеявых фарбах. Штабны пісар быў у дыміну п’яны. Днём прыехаў адзін абшарнік з Пардубіц, сын якога быў тут, у лагеры, даў яму добры хабар і ўсю раніцу да абеду частаваў яго ў горадзе.

Калі ўвайшоў Швейк, Ванак спрабаваў яшчэ раз вытлумачыць у лічбах штабному пісару, колькі зараблялі на адным кілаграме будаўнічай фарбы, на што пісар ні з сяго, ні з таго адказваў:

– Па дарозе ён памёр, пакінуўшы пасля сябе толькі лісты.

Швейк падышоў да Ванака, які таксама выпіў, але пры гэтым быў прыветлівы і мілы.