– З Прагі.
– To павінен быць разумнейшы… Вось яшчэ што. Калі пайшоў з канцылярыі ваш старшы пісар?
– Толькі што яго паклікалі.
– Глядзі ты! А раней ты не мог мне пра гэта сказаць? Наш таксама толькі што пайшоў. Нешта там шыкуецца. З абозам яшчэ яе гаварыў?
– Не.
– А яшчэ кажаш, што з Прагі! Ты ні аб чым не турбуешся! Дзе ты толькі цэлы дзень швэндаешся?
– Я толькі з гадзіну назад прыйшоў з дывізіённага суда.
– Гэта іншая справа. Яшчэ сёння прыбягу на цябе паглядзець. Давай адбой два разы.
Толькі Швейк сабраўся закурыць люльку, як зноў пачуўся званок. «Пайшлі вы да д’ябла з вашым тэлефонам, – падумаў Швейк, – буду я з вамі языком мянціць».
Але тэлефон няўмольна званіў і званіў, так што ў Швейка нарэшце лопнула цярпенне, ён узяў трубку і загарлапаніў:
– Алё! Хто ля тэлефона? Гаворыць ардынарац адзінаццатай маршавай роты Швейк.
У трубцы ён пазнаў голас свайго надпаручніка Лукаша:
– Што вы ўсе там робіце? Дзе Ванак? Зараз жа паклічце да тэлефона Ванака!
– Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, тэлефон толькі што зазваніў.
– Паслухайце, Швейк, мне няма часу з вамі язык часаць! Тэлефонныя размовы на вайсковай службе – гэта вам не тэлефонная балбатня, калі каго-небудзь завуць на абед. Тэлефонная размова павінна быць дакладная і кароткая. Пры тэлефонных размовах адкідваюцца і гэтае «асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант». Цяпер я вас пытаю, ці ёсць там паблізу Ванак? Няхай зараз жа падыдзе да тэлефона.
– Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, пад рукой яго няма. Яго толькі што, можа, яшчэ і чвэрці гадзіны не прайшло, з нашай канцылярыі выклікалі ў палкавую канцылярыю.
– Калі я да вас дабяруся, то з вамі, Швейк, я расквітаюся! Вы што, не можаце выказвацца коратка? Слухайце вельмі пільна, што я вам зараз буду гаварыць! Каб вы потым не адкручваліся, што ў тэлефоне нешта хрыпела. Зараз жа, як толькі павесіце трубку…
Паўза. Зноў званок.
Швейк бярэ трубку, і на яго абрушваецца лавіна зняважлівых слоў.
– Быдла, нягоднік, лайдак! Што вы робіце? Чаму перапынілі размову?