Нібы ў доказ яго слоў побач з ім у хляве зарыкалі каровы і пачуўся віскатлівы жаночы голас: «Халера б вас скруціла!»
Старасту гэта ве збянтэжыла, і, надзяваючы боты, ён працягваў:
– Адзіная карова тут у суседа Войцаха, якая, як вы мелі ласку, паны дабрадзеі, заўважыць, толькі што зарыкала. Але гэта карова хворая, сумная. Маскалі адабралі ад яе цялятка. З таго часу яна не дае малака, але гаспадару шкада яе рэзаць, ён спадзяецца, што матка боская чанстахоўская ўсё паверне на лепшае.
Гаворачы гэта, ён апрануў кунтуш.
– Хадземце, паны дабрадзеі, у Кросенку, і трох чвэрцяў гадзіны не пройдзе, ды што я, грэшны, кажу, і паўгадзіны не пройдзе! Я ведаю дарогу праз ручай, потым праз бярозавы гаёк міма дуба… Вёска вялікая, а ў корчмах гарэлка моцная… Хадземце, паны дабрадзеі! Чаго марудзіць? Панам салдатам вашага слаўнага палка неабходна размясціцца як трэба, у парадку, ва ўтульнасці. Пану імператарскаму каралеўскаму салдату, які змагаецца з маскалём, вядома, патрэбны чысты начлег, зручны начлег. А ў нас? Вошы! Кароста! Воспа і халера! Учора ў нас, у нашай праклятай вёсцы, тры хлопы ўчарнелі ад халеры. Міласэрны бог пракляў Ліскавец!..
Тут Швейк велічна ўзмахнуў рукой.
– Паны дабрадзеі! – пачаў ён, падрабляючы старастаў голас. – Чытаў я ў адной кніжцы, што ў час шведскіх войнаў, калі быў дадзены загад раскватараваць палкі ў такой і такой вёсцы, а стараста адгаворваўся і адмаўляўся дапамагчы ў гэтым, яго павесілі на бліжэйшым дрэве. Акрамя таго, адзін капрал-паляк расказваў мне, што калі прыходзяць кватар’еры, стараста абавязаны склікаць усіх дзясяцкіх, тыя ідуць з кватар’ерамі па хатах і проста гавораць: «Тут размесцяцца трое, тут чацвёра, у доме святара будуць жыць паны афіцэры» – і праз паўгадзіны ўсё павінна быць падрыхтавана. Пан дабрадзей, – з сур’ёзным выглядам звярнуўся Швейк да старасты, – дзе ў цябе тут бліжэйшае дрэва?
Стараста не зразумеў, што азначае слова «дрэва», і таму Швейк растлумачыў яму, што гэта бяроза, дуб, ігруша, яблыня, карацей кажучы, усё, што мае моцнае сучча. Стараста зноў не зразумеў, а калі пачуў назвы некаторых пладовых дрэў, спалохаўся, бо паспелі чарэшні, і сказаў, што нічога такога не ведае, у яго перад хатай стаіць толькі дуб.
– Добра, – сказаў Швейк, робячы рукой міжнародны знак павешання, – мы цябе павесім тут, перад тваёй хатай, бо ты мусіш усведамляць, што зараз вайна і што мы атрымалі загад спаць тут, а не ў нейкай Кросенцы. Ты, голубе, або не будзеш нам мяняць нашы стратэгічныя планы, або будзеш матляцца, як гаворыцца у той кніжцы пра шведскія войны… Такі выпадак, панове, быў аднойчы на манеўрах каля Велькага Мезіржычы…