– Наплюй на гаспадарку, – параіў Швейк. – Лепей загінь за пана імператара. Хіба цябе ў арміі не гэтаму вучылі?
– Яны на гэта толькі намякалі, – не зразумеў цвердалобы Балоўн. – Мяне толькі вадзілі на вучэбны пляц, а пасля я ні аб чым падобным не чуў, бо стаў дзеншчыком. Вось каб нас пан імператар лепей карміў…
– Ну, ты і свіння ненажэрная! Салдата перад атакай наогул не варта карміць, гэта нам ужо шмат гадоў назад тлумачыў у школе капітан Унтэр-грыц. Той нам заўсёды гаварыў: «Вы, мярзотнікі! Калі справа дойдзе да вайны і вам давядзецца ісці ў бой, не нажырайцеся перад атакай. Хто абжарэцца і атрымае кулю ў жывот, таму гамон, бо ўсе супы і хлеб вылезуць з вантробаў і ў салдата адразу – запаленне. А калі ў страўніку няма нічога, то такая рана ўсё роўна што аса ўкусіла, адна радасць!»
Балоўн паступова забываў пра выдуманую ім небяспеку і ў цішыні ночы, спускаючыся ўніз да Ліскаўца, з хваляваннем расказваў Швейку пра тое, чаго ён раней не цаніў, а цяпер бы еў так, што за вушамі трашчала б.
За імі крочылі тэлефаніст Хадоўнскі і старшы пісар Ванак. Хадоўнскі ўтлумачваў Ванаку, што, на яго думку, сусветная вайна – глупства. Горш за ўсё ў ёй тое, што калі дзе-небудзь парвецца тэлефонны провад, то ты вымушаны ноччу ісці папраўляць яго; а яшчэ горш, што раней, калі была якая вайна, ніхто не ведаў пражэктараў, а цяпер, калі ты папраўляеш гэтыя праклятыя правады, непрыяцель адразу ж знаходзіць цябе пражэктарам і лупіць па табе з усёй артылерыі.
Унізе, у вёсцы, дзе яны павінны былі падшукаць начлег для роты, было цёмна, толькі разгаўкаліся ўсе сабакі, што прымусіла экспедыцыю спыніцца і падумаць, як супраціўляцца гэтым страшыдлам.
– А што, калі вярнуцца? – зашаптаў Балоўн.
– Балоўн, Балоўн, калі б мы гэта зрабілі, цябе расстралялі б за баязлівасць, – сказаў на гэта Швейк.
Сабакі брахалі чым далей, тым мацней; загаўкалі ўжо і на поўдні, за рэчкай Ропай, і ў Кросенцы, і ў іншых вёсках, бо Швейк пачаў крычаць у начной ці – Кушкушкуш! – успомніўшы, як ён крычаў на сабак, калі яшчэ гандляваў імі.
Сабакі забрахалі яшчэ больш люта, і старшы пісар папрасіў Швейка:
– Не крычыце на іх, Швейк, а то ўся Галіцыя забрэша.
– Нешта накшталт гэтага, – адказаў Швейк, – здарылася з вамі на манеўрах у Табарскай акрузе. Прыйшлі мы неяк ноччу ў адну вёску, а сабакі ўчынілі страшэнны вэрхал. Мясцовасць была густа заселеная, так што сабачы брэх каціўся ад сяла да сяла, усё далей і далей. У той вёсцы, дзе мы стаялі, сабакі ўжо было зусім замоўклі, але, пачуўшы брэх аднекуль здалёку, ну, скажам, з Пелгржымава, зноў заліваліся, і праз некалькі хвілін гаўкалі Табарская, Пелгржымаўская, Будзеёвіцкая, Гумпальцкая, Тржэбаньская і Йіглаўская акругі. Наш капітан, вельмі нервовы дзядок, не пераносіў сабачага брэху, не спаў усю ноч, усё хадзіў і пытаўся ў патруля: «Хто брэша? Чаго брэша?» Салдаты паслухмяна далажылі, што брэшуць сабакі. Гэта яго так раззлавала, што ўсе, хто быў тады ў патрулі, пасля вяртання з манеўраў засталіся без водпуску.