Светлый фон

– Не, ніяк не, пан лейтэнант, толькі пра тую лімонную кіслату і пра мяса.

– Мне обер-лейтэнант Лукаш гаварыў, быццам я чагосьці натварыў і вы пра гэта добра ведаеце, Швейк?

Вельмі сур’ёзна і з націскам Швейк адказаў:

– Нічога вы не натварылі, пан лейтэнант. Вы толькі нанеслі візіт у адзін публічны дом. Але гэта, напэўна, адбылося памылкова. Бляхара Пімпра з Казінай плошчы таксама заўсёды шукалі, калі ён ішоў у горад купляць бляху, а знаходзілі яго заўсёды ў такой жа ўстанове, у якой я знайшоў вас. Унізе была кавярня, а наверсе – дзяўчаткі. Вы, мабыць, і не разумелі, дзе вы знаходзіцеся, таму што тады стаяла спякота, і калі чалавек не звык піць, то ў такую спякоту ён п’янее нават ад звычайнага рому, а вы, пан лейтэнант, хапілі рабінаўкі. Я атрымаў загад перадаць вам запрашэнне на нараду, якая адбывалася перад тым, як нам выступаць, і знайшоў вас у той кралі наверсе. Ад спякоты і рабінаўкі вы мяне нават не пазналі і ляжалі на канапе раздзеты. Вы там нічога не натварылі і нават не гаварылі: «Вы мяне яшчэ не ведаеце…» Такое можа здарыцца з кожным у падобную гарачыню. Адзін ад яе вельмі пакутуе, другі выкіне штосьці нечаканае. Калі б вы ведалі старога Вейваду, наглядчыка з Вршавіц! Той, асмелюся далажыць, пан лейтэнант, вырашыў ніколі не піць такіх напояў, ад якіх ён бы мог ап’янець. Кульнуў ён кілішак на дарожку і выйшаў з дому шукаць напоі без алкаголю. Прыпыніўся спачатку ў карчме, якая і называлася «На прыпынку», заказаў чвэртку вермуту і пачаў асцярожна распытваць гаспадара, што, уласна, п’юць тыя абстыненты. Ён, увогуле, правільна лічыў, што чыстая вада і для абстынентаў – даволі моцны напой. Гаспадар яму растлумачыў, што абстыненты п’юць содавую ваду, ліманад, малако, а потым безалкагольныя віны, халодную часночную поліўку і іншыя безалкагольныя напоі. З усіх гэтых напояў старому Вейваду па густу былі толькі безалкагольныя віны. Ён спытаў, ці бывае таксама безалкагольная гарэлка, выпіў яшчэ адну чвэртку і пагаварыў з гаспадаром аб тым, што сапраўды часта напівацца – грэх. Гаспадар на гэта яму адказаў, што ён усё можа перанесці, толькі не п’янага чалавека, які недзе наліжацца, а да яго прыходзіць выцверазіцца бутэлькай содавай вады ды яшчэ вэрхал уздымае. «Ты надзярыся ў мяне, – гаварыў гаспадар, – тады ты мой чалавек, а інакш я цябе і ведаць не хачу!» Стары Вейвада пайшоў далей, пакуль не прыйшоў, пан лейтэнант, на Карлаву плошчу, у вінны шынок, куды ён і раней заходзіў, і спытаў там, ці няма ў іх безалкагольных він. «Безалкагольных він у нас няма, пан Вейвада, – сказалі яму, – але вермут і шэры ёсць». Старому Вейваду зрабілася неяк сорамна, і ён вырашыў выпіць чвэртку вермуту і чвэртку шэры. Пакуль ён там сядзеў, пан лейтэнант, то пазнаёміўся з адным гэткім жа абстынентам. Слова за слова, глынулі яны яшчэ па чвэртцы шэры, разгаварыліся, і той пан сказаў, што ведае месцейка, дзе падаюць безалкагольныя віны. «Гэта на Бальцанавай вуліцы, па сходках уніз, у іх ёсць грамафон». За такую добрую вестку пан Вейвада паставіў на стол цэлую бутэльку вермуту, і потым абодва выправіліся на Бальцанаву вуліцу, дзе трэба спускацца па сходках уяіз і дзе грае грамафон.