Светлый фон

У другі раз больш уважліва прыглядайцеся да таго, з кім купаецеся. У вадзе кожны голы выглядае як дэпутат, хаця ў сапраўднасці ён, можа, забойца. Вы таксама не ведалі, з кім купаліся. Купанне было варта таго. Пад вечар вада самая прыемная. Залезьце ў ваду яшчэ раз, каб апамятацца».

Пану Божацеху не заставалася нічога іншага, як дачакацца прыцемак, загарнуцца ў басяцкія лахманы і скіравацца да Прагі. Унікаючы шашы, ён ішоў лугамі, сцежкамі і спаткаўся з жандарскім патрулём з Хухлі, які валацугу арыштаваў і на другі дзень раніцой адвёў яго ў раённы суд у Збраслаў, бо кожны можа сказаць, што ён Ёзаф Божацех, пераплётчык з Пршычнай вуліцы ў Празе, дом нумар шаснаццаць.

Сакратар, які не надта разумеў па-чэшску, вырашыў, што абвінавачаны паведамляе адрас свайго саўдзельніка, í перапытаў:

– Ist das genau Prag, № 16, Josef Bozetech?

– Ці жыве ён зараз там, я не ведаю, – адказаў Швейк, – але тады, у тысяча дзевяцьсот восьмым годзе, жыў.

Маёр падышоў да сакратара і пашаптаўся з ім, пасля чаго той закрэсліў у пратаколе адрас новага ўяўнага змоўшчыка Божацеха.

Гэта дзіўнае судовае пасяджэнне праходзіла пад старшынствам генерала Фінка фон Фінкельштэйна, які прыстасаваў гэты суд да патрабаванняў палявога суда. Як у некаторых людзей бывае манія збіраць запалкавыя карабкі, так у гэтага пана была манія наладжваць палявыя суды, хаця ў большасці выпадкаў гэта пярэчыла вайсковаму статуту.

Гэты генерал аб’яўляў, што ён сам скліча пасяджэнне, а праз тры гадзіны асуджаны павінен вісець. Пакуль генерал быў на фронце, у палявых судах недахопу ніколі не было.

Сентыментальны чалавек напісаў бы, напэўна, што на сумленні генерала дзесяткі чалавечых жыццяў, асабліва там, на усходзе, дзе ён, па яго словах, змагаўся з велікарускай агітацыяй сярод галіцыйскіх украінцаў. Але, прымаючы пад увагу яго маральную пазіцыю, мы не можам сказаць, што ў яго ўвогуле быў хто-небудзь на сумленні.

Ён лічыў павешанне справай простай і натуральнай, нечым накшталт хлеба надзённага і, выносячы прысуд, даволі часта забываў пра пана імператара і ўжо не гаварыў: «Імем яго імператарскай вялікасці вы асуджаецеся да пакарання смерцю праз павешанне», а проста заяўляў: «Я прысуджаю вас».

Цяпер Швейк стаяў перад гэтым тыграм, які, седзячы ў першым радзе за доўгім сталом, курыў сігарэту за сігарэтай і загадваў перакладаць адказы Швейка, пасля чаго ўхвальна ківаў галавой.

Маёр прапанаваў паслаць тэлеграфны запыт у брыгаду для высвятлення, дзе зараз знаходзіцца адзінаццатая маршавая рота Дзевяноста першага палка, да якой, паводле яго паказанняў, належыць абвінавачаны.