У пасланай там саломе было столькі вошай, што яны паварушвалі яе кароткія сцябліны; здавалася, што гэта не вошы, а мурашкі, якія цягнулі матэрыял для будаўніцтва свайго мурашніка.
Палонным раздалі крыху чорнай бурды з чыстага цыкорыю і па кавалку чэрствага кукурузнага хлеба.
Потым іх прыняў маёр Вольф, у той час валадар усіх палонных, занятых на адбудове крэпасці Перамышль і яе наваколля. Гэта быў чалавек паважны. Ён завёў цэлы штаб перакладчыкаў. Яны з палонных выбіралі спецыялістаў па будаўніцтву адпаведна іх здольнасцям і атрыманай адукацыі.
Маёр Вольф быў цвёрдай думкі, што рускія палонныя ўтойваюць сваю пісьменнасць, бо здаралася, што на яго пытанне: «Ці ўмееш ты будаваць чыгунку?» усе палонныя давалі стэрэатыпны адказ: «Нічога не ведаю, ні пра што такое не чуў, жыў сабе ціха і сумленна».
Калі яны былі выстраены перад маёрам Вольфам і ўсім яго штабам, маёр Вольф спытаў па-нямецку, хто з іх ведае нямецкую мову.
Швейк рашуча ступіў наперад, выцягнуўся перад маёрам, казырнуў і адрапартаваў, што можа гаварыць па-нямецку.
Маёр Вольф, яўна задаволены, адразу ж спытаў Швейка, ці не інжынер ён.
– Асмелюся далажыць, пан маёр, – адказаў Швейк, – я не інжынер, я ардынарац адзінаццатай маршавай роты дзевяноста першага палка. Я трапіў да нас у палон. Гэта здарылася так, пан маёр…
– Што? – зароў Вольф.
– Асмелюся далажыць, пан маёр, здарылася гэта так…
– Вы чэх, – не сунімаўся маёр Вольф, – вы пераапрануліся ў рускую форму?
– Так точна, пан маёр, усё так і ёсць. Я сапраўды рады, што пан маёр адразу ўвайшлі ў маё становішча. Можа, нашы ўжо недзе ваююць, а я тут без усякай карысці прагуляю ўсю вайну. Дазвольце, пан маёр, яшчэ раз усё высветліць.
– Досыць, – адсек маёр Вольф, выклікаў двух салдат і загадаў ім неадкладна адвесці гэтага чалавека на гаўптвахту, а сам з адным афіцэрам павольна пайшоў следам за Швейкам, злосна размахваючы рукамі ў размове з афіцэрам. У кожнай фразе ён нешта плявузгаў пра чэшскіх сабак, і афіцэр адчуваў, што маёр надзвычай шчаслівы, бо дзякуючы сваёй праніклівасці выявіў адну з гэтых пташак. Ужо на працягу некалькіх месяцаў камандзірам вайсковых часцей рассылаліся сакрэтныя інструкцыі, дзе гаварылася, што, як выяўлена, некаторыя перабежчыкі, забыўшыся на сваю прысягу, уступаюць у шэрагі рускага войска і служаць непрыяцелю, аказваючы яму вельмі каштоўныя паслугі ў шпіянажы.
Маёр Вольф у той час яшчэ не меў ніякага ўяўлення аб тым, што ўласна рыхтуюць Аўстрыі перабежчыкі, якія пазней, сустракаючыся ў Кіеве і іншых мясцінах, на пытанне: *Што ты тут робіш?» – весела адказвалі: «Я здрадзіў пану імператару».