Светлый фон

Аднак нішто не падзейнічала, па суседа ніхто не прыйшоў. Ён спакойна заставаўся на рысавым складзе і па-ранейшаму балбатаў пра Кіеў і пераконваў, што, несумненна, бачыў там, як Швейк маршыраваў сярод рускіх салдат.

– Вы, відаць, напіліся балотнай вады, – сказаў Швейк, – як наш малады Тынецкі, чалавек увогуле разумны, але аднойчы ён падаўся ў вандроўкі і дапяў аж да Італіі. Дык ні пра што іншае не гаварыў, толькі пра тую Італію, маўляў, там адна балотная вада і больш нічога вартага ўвагі. I ад гэтай балотнай вады ён схапіў ліхаманку. Яна яго калаціла чатыры разы ў год: на ўсіх святых, на святога Іосіфа, на Пятра і Паўла і на Прачыстую. Як на яго нападзе, дык ён гэтак жа, як і вы, пачынаў пазнаваць зусім чужых, незнаёмых яму людзей.

– Я ведаў усіх вашых знаёмых па Кіеву, – нястомна паўтараў агент контрразведкі. – Ці не з вамі там быў адзін такі тоўсты і адзін такі худы? Вось не ведаю цяпер, як іх звалі і з якога яны палка.

– Не бярыце да галавы, – суцяшаў яго Швейк, – гэта можа здарыцца з кожным. Усіх тоўстых і худых па прозвішчу не запомніш. Худых людзей запамінаць, вядома, цяжэй, бо іх на свеце больш. Яны, як гаворыцца, складаюць большасць.

– Прыяцель, – захныкаў імператарска-каралеўскі мярзотнік, – ты мне не верыш. А нас жа чакае аднолькавы лёс!

– На тое мы і салдаты, – нядбала кінуў Швейк, – для таго нас маці і на свет нарадзілі, каб нас, як толькі апрануць у мундзіры, разнесла на кавалкі. I мы ідзём на гэта, з радасцю, бо ведаем, што нашы косці не будуць гніць дарэмна. З іх будуць выпрацоўваць касцяны вугаль для цукраварань. Гэта ўжо некалькі гадоў назад тлумачыў нам пан лейтэнант Цымер. «Вы свіная банда, – гаварыў ён, – кныры неадукаваныя, вы нікчэмныя малпы, калі вы загінеце на полі бою, дык з кожнага вашага маслака зробяць паўкіло касцянога вугалю, а з усяго цела з маслакамі і пазурамі, можа, і болей за два кілаграмы. Праз вас у цукраварнях будуць фільтраваць цукар, ідыёты. Вы нават не ўяўляеце, наколькі карысныя вашым нашчадкам вы будзеце пасля смерці. Вашы дзеці будуць піць каву з цукрам, працэджаным праз вашы косці, ёлупні!» Я задумаўся, а ён да мяне: «Пра што разважаеш?» – «Асмелюся далажыць, – кажу, – я мяркую, што касцяны вугаль з паноў павінен быць значна даражэйшы, чым з простых ваякаў». За гэта я атрымаў тры дні адзіночкі.

Кампаньён Швейка пастукаў у дзверы і аб нечым дамовіўся са стражай, якая далажыла канцылярыі. Праз хвіліну па Швейкавага кампаньёна прыйшоў нейкі штабны пісар, і Швейк зноў застаўся адзін.

Адыходзячы, гэтая жывёліна, паказваючы на Швейка, заявіла штабному пісару: