З гэтых цыркуляраў ён ведаў толькі пра перабежчыкаў-шпіёнаў, з якіх адзін, якога зараз вядуць на гаўптвахту, так лёгка трапіў у яго пастку.
Швейка пад эскортам адвялі ў камендатуру гарнізона пасля таго, як ён падпісаў складзены маёрам Вольфам пратакол аб тым, што ён, салдат аўстрыйскай арміі, свядома і без націску пераапрануўся ў рускую форму і пасля адступлення рускіх за лініяй фронту быў затрыманы палявой жандармерыяй.
Усё гэта было святой праўдай, і Швейк, як чалавек сумленны, не мог запярэчыць. Калі ён паспрабаваў было дапоўніць пратакол нейкім тлумачэннем, якое ўдакладніла б сітуацыю, тут жа пачуўся крык пана маёра: «Маўчаць! Я вас пра гэта не пытаю. Справа і так відавочная!»
I Швейку засталося толькі ўзяць пад казырок і згадзіцца:
– Так точна, маўчу, справа зусім відавочная. Затым, калі яго. прывялі ў камендатуру гарнізона, то кінулі ў нейкую камору, дзе раней знаходзіўся склад рысу і адначасова пансіянат для мышэй. Рыс быў рассыпаны паўсюль, і мышы, ніколькі не баючыся Швейка, весела бегалі навакол, ласуючыся зярнятамі.
Ноч Швейк правёў спакойна, бо мышы не прад’яўлялі да яго вялікіх патрабаванняў. Відаць, у іх была свая начная праграма, якую яны выконвалі ў суседнім складзе шынялёў і фуражак.
З ранішняй кавай да Швейка ў камору ўвапхнулі нейкага чалавека ў рускай фуражцы і рускім шынялі.
Чалавек гэты гаварыў па-чэшску з польскім акцэнтам. Быў гэта адзін з тых нікчэмнікаў, якія служылі ў контрразведцы армейскага корпуса, штаб якога знаходзіўся ў Перамышлі. Агент вайсковай тайнай паліцыі нават не патурбаваўся знайсці які-небудзь падыход, каб выведаць таямніцы ў Швейка.
Ён пачаў прама:
– Я ўляпаўся ў гэтае балота з-за сваёй неасцярожнасці. Я служыў у Дваццаць восьмым палку і адразу перайшоў да рускіх, а потым так па-дурному ўкляпаўся. У рускіх я падахвоціўся пайсці ў патруль… Служыў я ў Шостай кіеўскай дывізіі. А ты, камарад, у якім рускім палку служыў? Здаецца, мы з табой недзе бачыліся ў Расіі. У Кіеве я ведаў шмат каго з чэхаў, якія пайшлі з намі на фронт і перайшлі ў рускую армію. Але не магу цяпер прыпомніць іх прозвішчы і адкуль яны былі, можа, ты прыгадаеш, з кім ты там сустракаўся? Цікава, хто там застаўся з нашага Дваццаць восьмага палка?
Замест адказу Швейк рупліва прыклаў сваю руку яму да лба, потым памацаў пульс і, нарэшце, падвёўшы да маленькага акенца, папрасіў яго высунуць язык. Нягоднік усёй гэтай працэдуры не супраціўляўся, мяркуючы, што Швейк перагаворваецца з ім нейкімі змоўніцкімі знакамі. Потым Швейк пачаў дубасіць у дзверы, і калі наглядчык прыйшоў спытаць, чаму ён так грукоча, ён па-чэшску і па-нямецку запатрабаваў, каб неадкладна паклікалі доктара, бо чалавек, якога сюды змясцілі, трызніць.