Генерал выказаўся супраць, бо гэтым затрымліваецца ход ваенна-палявога суда, сэнс якога менавіта ў хуткасці працэсу, і прапанаваў неадкладна адысці на нараду, вынесці прысуд і тут жа прывесці яго ў выкананне.
Маёр усё ж настойваў, што неабходна ўстанавіць асобу абвінавачанага, бо ўся справа мае надзвычай важнае палітычнае значэнне. I вызначыўшы асобу гэтага чалавека, можна будзе выявіць яго сувязі з былымі таварышамі з той часці, да якой прыпісаны. Маёр быў рамантыкам-летуценнікам. Ёг гаварыў, што трэба адшукаць нейкія віткі, што недастаткова асудзіць аднаго чалавека. Прысуд – толькі вынік пэўнага следства, якое выявіць віткі, а гэтыя ніткі… Ён канчаткова заблытаўся ў сваіх вітках, але яго ўсе зразумелі і станоўча заківалі галавой, нават сам генерал, якому віткі вельмі спадабаліся, бо ён уявіў, як ва маёравых вітках вісяць новыя палявыя суды. Таму ёя ужо яе пратэставаў супраць таго, каб даведацца ў брыгадзе, ці сапраўды Швейк адносіцца да дзевяноста першага палка і калі, у час якіх аперацый адзінаццатай маршавай роты ён перайшоў да рускіх.
Праз увесь час дэбатаў Швейк знаходзіўся ў калідоры пад аховай двух штыкоў, потым яго зноў прывялі ў залу суда і яшчэ раз спыталі, якога ён палка. Потым Швейка перавялі ў гарнізонную турму.
Генерал Фінк загадаў паклікаць да сябе фельдкурата Мартынеца. Гэта быў няшчасны настаўнік закона божага, капелан аднекуль з Маравіі. Раней ён служыў пад старшынствам такога шальмоўскага святара, што палічыў за лепшае пайсці ў войска. Новы фельдкурат быў сапраўды рэлігійны чалавек. Душа набожная і справядлівая, адзін з тых нямногіх, хто яшчэ верыў у бога, ён не любіў хадзіць да генерала Фінка.
Камандзір гарнізона Фінк даваў фельдкурату розныя інструкцыі, а потым загадваў наліць яму чаго-небудзь мацнейшага і расказваў навейшыя анекдоты з ідыёцкіх зборнічкаў, якія спецыяльна для арміі выдаваў часопіс «Lustige Blätter»*. Потым заводзіў брудныя, непрыстойныя размовы, у час якіх фельдкурат Мартынец з жалем у сэрцы ўспамінаў свайго святара, які ў галіне гнюснасцей ні ў чым не саступаў генералу Фінку.
Фельдкурат Мартынец з жахам заўважаў, што чым часцей ён заходзіць да генерала Фінка, тым ніжэй падае маральна. У такім настроі з’явіўся ён зараз па выкліку да генерала.
– Вы ўжо чулі, – радасна ўсклікнуў той, выходзячы насустрач Мартынецу, – пра мой палявы суд? Будзем вешаць аднаго вашага земляка.
Пры слове «зямляк» фельдкурат кінуў на генерала пакутніцкі погляд. Ён ужо некалькі разоў абвяргаў думку, што ён чэх, і бясконца высвятляў, што ў іх мараўскую парафію ўваходзяць дзве вёскі: чэшская і нямецкая, і яму даводзіцца адзін тыдзень узносіць казані для чэхаў, а другі – для немцаў, а з той прычыны, што ў чэшскай вёсцы няма ніводнай чэшскай школы, а толькі нямецкая, то ён мусіць выкладаць закон божы ў абедзвюх вёсках па-нямецку, а таму ён ніяк не з’яўляецца чэхам.