Наступны выклад і цікавая гаворка аб выкарыстанні меню ў мэтах выхавання салдат былі перапынены моцным крыкам наверсе, дзе закончыўся ўрачысты абед. У бязладнай гамане галасоў вылучаўся крык кадэта Біглера:
– Салдат яшчэ ў мірны час павінен ведаць, чаго патрабуе вайна, а ў час вайны не забываць таго, чаму навучыўся на пляцы.
Потым засоп паручнік Дуб.
– Прашу канстатаваць, мяне зневажаюць ужо ў трэці раз.
Наверсе тварыліся вялікія справы.
Паручнік Дуб, які выношваў вядомыя вераломныя задумы супраць кадэта Біглера і хацеў нагаварыць на яго камандзіру батальёна, быў адразу ж на парозе сустрэты дзікім галёканнем. На ўсіх дасканала падзейнічала яўрэйская самагонка.
Усе стараліся перакрычаць адзін аднаго, намякаючы на «кавалерыйскае ўмельства» паручніка Дуба: «Без канюшага не атрымаецца!», «Спалоханы мустанг!», «Як доўга, сябрук, ты аціраўся сярод каўбояў на Дзікім Захадзе?», «Цыркавы яздок!»
Капітан Сагнер хутка падсунуў Дубу кілішак праклятай самагонкі, і пакрыўджаны паручнік Дуб сеў за стол. Ён прыставіў старое расхлістанае крэсла да надпаручніка Лукаша, які прывітаў яго сяброўскім словам: «Мы ўсё ўжо з’елі, прыяцель».
Кадэт Біглер строга паводле статуту далажыў аб сабе капітану Сагнеру і іншым афіцэрам, кожны раз паўтараючы: «Кадэт Біглер прыбыў у штаб батальёна», і хаця ўсе яго ведалі і ўжо бачылі, тым не менш яго маркотная фігура нейкім чынам засталася незаўважанай.
Біглер узяў поўную шклянку, сціпла сеў каля акна, чакаючы зручнага моманту, каб скалануць паветра абрыўкамі сваіх ведаў, запазычаных з падручнікаў.
Паручнік Дуб, якому жахлівая сівуха кінулася ў галаву, пастукаў пальцам аб стол і раптам без дай прычыны звярнуўся да капітана Сагнера:
– Мы з акруговым начальнікам заўсёды гаварылі: «Патрыятызм, вернасць абавязку, самаўдасканаленне – вось сапраўдная зброя на вайне!» Нагадваю вам пра гэта менавіта сёння, калі нашы войскі ў хуткім часе пяройдуць граніцы».
* * *
Да гэтых слоў прадыктаваў ужо хворы Яраслаў Гашак «Прыгоды ўдалага салдата Швейка ў час сусветнай вайны». Смерць пісьменніка 3 студзеня 1923 года прымусіла яго змоўкнуць назаўсёды і не дала яму закончыць адзін з самых праслаўленых і папулярных раманаў, створаных пасля Першай сусветнай вайны.
Заўвагі
Заўвагі