Светлый фон

– Тады не варта было і ваяваць, – упэўнена сказаў Швейк. – Калі вайна, дык вайна. Я рашуча адмаўляюся гаварыць аб міры раней, чым мы будзем у Маскве і Петраградзе. Калі сусветная вайна, то што ж мы будзем ашывацца толькі ўздоўж мяжы.

Далейшая гаворка была перапынена ўварваннем вальнапісанага Марака.

– Ратуйся, хто можа! – загаласіў Марак. – Толькі што да нас у штаб пад’ехаў на машыне паручнік Дуб і прывёз з сабой смярдзючага кадэта Біглера.

Праз некалькі хвілін Дуб і Біглер прайшлі ў кухню. Швейк закрычаў:

– Habacht! Устаць!

Паручнік Дуб усутыч падышоў да Швейка і пракрычаў яму проста ў твар:

– Радуйся цяпер, дурыла! Зараз табе гамон! Я загадаю зрабіць з цябе пудзіла на памяць Дзевяноста першаму палку.

– Zum Befehl, пан лейтэнант, – казырнуў Швейк, – я калісьці чытаў, што некалі была вялікая бітва, у якой загінуў шведскі кароль са сваім верным канём. Абодвух здыхлякоў пераправілі ў Швецыю, з іх набілі чучалы і цяпер яны стаяць у Стакгольмскім музеі.

– Адкуль у цябе такія звесткі, невук? – завішчаў паручнік Дуб.

– Асмелюся далажыць, пан лейтэнант, ад майго брата прафесара.

Паручнік Дуб крута павярнуўся, плюнуў і, падштурхоўваючы наперад Біглера, прайшоў нагару ў залу.

У той час як паручнік Дуб і кадэт Біглер спрачаліся на сходах аб тым, ці мае права нікуды не залічаны кадэт на ліверную каўбасу ў той колькасці, якая ўваходзіць у паёк паноў афіцэраў, унізе ў кухні ўсе ўжо наеліся, разлягліся на прасторных лаўках і балакалі хто аб чым, пыхкаючы з люлек.

– Дык вось, я сёння зрабіў вялікую вынаходку, – аб’явіў кухар Юрайда. – Лічу, што яна зробіць поўны пераварот у кулінарнай справе. Ты ж, Ванак, сам ведаеш, што ў гэтай праклятай вёсцы я нідзе не мог знайсці маярану для ліверу.

– «Herba majoranae», – уставіў старшы пісар Ванак, успомніўшы, што ён гандляр хімічнымі і маскатэльнымі таварамі.

– Яшчэ не даследавана, – працягваў Юрайда, – наколькі чалавечы розум абвастраецца пры патрэбе знайсці самыя разнастайныя сродкі для дасягнення мэты, як перад ім раскрываюцца новыя далягляды, як ён пачынае вышукваць самыя неверагодныя рэчы, пра якія чалавецтву да таго часу і не снілася… Я шукаю па ўсіх хатах маяран, бегаю, выведваю, тлумачу, навошта мне гэта патрэбна, як ён выглядае…

– Табе трэба было расказаць, як ён пахне, – пачуўся з лаўкі голас Швейка, – а маяран пахне, як пляшачка з чарнілам, калі яе панюхаць у прысадах, дзе цвітуць акацыі. На ўзгорку ў Богдальцы каля Прагі…

– Паслухай, Швейк, – узмаліўся вальнапісаны Марак, – дай закончыць Юрайду.

Юрайда расказваў далей:

– У адным двары я натрапіў на старога салдата часоў акупацыі Босніі і Герцагавіны, які адбываў вайсковую службу уланам у Пардубіцах і яшчэ не забыў чэшскай мовы. Дык той пачаў са мной спрачацца, што ў Чэхіі ў ліверную каўбасу’ кладуць не маяран, а рамонак. Я, праўду кажучы, не ведаў, што адказаць, бо кожны разумны і справядлівы чалавек павінен лічыць маяран каралём усіх прыпраў, якія кладуць у ліверную каўбасу. Было неабходна знайсці такую замену, якая надала б каўбасе характэрны востры прысмак. I раптам у адной хаце пад абразом нейкага святога я ўбачыў вясельны міртавы вяночак. Жылі там маладыя, і галінкі мірта на вяночку былі яшчэ даволі свежыя. Дык я паклаў гэты мірт у ліверную каўбасу; праўда, вяночак мне давялося тры разы апарваць у кіпені, каб лісточкі памякчэлі і страцілі свой занадта едкі водар і смак. Зразумела, калі я забіраў гэты міртавы вяночак на лівер, то было нямала слёз. Развітваючыся са мною, маладыя запэўнівалі, што за такое блюзнерства – вяночак быў асвячоны – не мінуць мне першай кулі. Вы ж елі маю поліўку з трыбухой, няўжо ніхто не заўважыў, што яна пахне не маяранам, а міртам?