Светлый фон

– А з яго самога боты таксама сцягнулі? пацікавіўся Швейк.

– Сцягнулі, – задуменна вымавіў Ванак, – але невядома хто, так што і палкоўніцкія боты запісаць на прыход не ўдалося.

Кухар Юрайда зноў вярнуўся зверху і першы ж погляд кінуў на паніклага Балоўна, які сумна сядзеў на лаўцы каля печы і ў невымоўным смутку разглядваў свой запалы жывот.

Юрайда палез у духоўку і выцягнуў адтуль крывяную каўбасу.

– Жары, Балоўн, – сказаў ён ласкава, – жары, пакуль не лопнеш, падавіся, ненажэра!

У Балоўна на вачах бліснулі слёзы.

– Дома, калі мы калолі свінню, – жаласна пачаў Балоўн, даядаючы малую каўбаску, – я спачатку з’ядаў ладны кавалак мяса, пасля ўвесь лыч, сэрца, вуха, кавалак пячонкі, ныркі, селязёнку, кавалак кумпяка, язык, а потым… – I ціхім голасам, быццам расказваючы казку, дадаў:

– А потым ішлі ліверныя каўбаскі, з шэсць ці дзесяць кольцаў, пузатыя крывяныя каўбаскі, з крупою і сухарамі, так што і не ведаеш, ад чаго адкусіць спачатку. Усё расплываецца на языку, усё смачна пахне, і жарэш, жарэш…

– Я думаю, – наракаў Балоўн, – куля нада мной злітуецца, а голад даканае, здохну я з галадухі…

– Эх ты, галава, два вухі, – адгукнуўся Швейк, у якога сёння міма волі з языка зрываліся рыфмы.

У кухара Юрайды раптоўны прыступ жалю да Балоўна прайшоў, калі Балоўн, хуценька падкраўшыся да пліты, выцягнуў з кішэні акраец хлеба і хацеў абмакнуць яго ў падліўку, у якой на вялікай патэльні ляжаў груд смажанай свініны. Юрайда неспадзеўку так моцна выцяў яго па руцэ, што акраец упаў у падліўку – гэтак жа, як у купальні плывец скача з памосту ў раку. Не даўшы выцягнуць гэты прынадны кавалак з патэльні, Юрайда схапіў Балоўна і выкінуў за дзверы.

Засмучаны Балоўн ужо ў акно ўбачыў, як Юрайда відэльцам дастаў яго акраец, які так насыціўся падліўкай, што зрабіўся зусім карычневым, дадаў ладны кавалак мяса і падаў Швейку са словамі:

– Ешце, мой сціплы сябар!

– Ежыш Марыя! – застагнаў за акном Балоўн і, размахваючы доўгімі рукамі, пашыбаваў на вёску, каб хоць там чаго-небудзь перахапіць.

Швейк, смакуючы велікадушны дарунак Юрайды, гаварыў з набітым ротам:

– Я, дальбог, рады, што зноў сярод сваіх. Не ведаю, не ведаю, што б вы тут рабілі, калі б мяне дзе-небудзь затрымалі, а вайна зацягнулася б яшчэ на некалькі гадоў.

– А як вы думаеце, Швейк, – спытаў старшы пісар Ванак, – вайна яшчэ доўга працягнецца?

– Пятнаццаць гадоў, – адказаў Швейк. – Няйначай, бо ўжо ж была трыццацігадовая вайна, цяпер мы напалову разумнейшыя, трыццаць дзелім на два, значыцца пятнаццаць.

– Дзяншчык нашага капітана, – азваўся Юрайда, – расказваў, нібыта сам чуў, што як толькі выйдзем на граніцы Галіцыі, то далей ужо не сунемся – рускія пачнуць перагаворы аб міры.