... Пакліканне Таленту... Што давала сілы заканчваць „Майстра i Маргарыту”, пакутуючы ад смяротнай хваробы, Міхаілу Булгакаву. Пакліканне Таленту, што прымусіла графа Сэнт-Экзюперы асвойваць Планету людзей у небе Еўропы, Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі... Над Атлантыкай, Кардыльерамі, С'ерра-Марэнай... Бо дзеля таго, каб выявіць талент, “каб пісаць, трэба жыць”. А яшчэ ўмець „патаемна... выкарыстоўваць нешта, чаму няма назвы”. Чаму няма назвы i што надае веры, калі ніхто вакол не разумее, нішто, здавалася б, не спрыяе.
... У фільме Боба Фосса пра Моцарта пад назвай „Амадэо” ёсць надзвычай удалая i свядомасна дакладная сцэна. На Моцарта крычыць цешча. А той чуе толькі пачатак яе тырады — бо нават гэтая лаянка: штуршок для перастварэння яе ў гукі, нотныя знакі ў мелодыю! Той, хто валодае Дарам — ва ўладзе Дару! Суб'ект робіцца аб'ектам дзеяння!
... Ва ўладзе Дару...
Ці не таму так высока мудрыя i высока наіўныя геніі, таленты? Ну, чаму б Моцарту не ўхваліць сімфонію барона ван Світэна? Можа, i знайшоў бы той грошы, каб прыстойна пахаваць Ёгана Вольфганга Моцарта? А Моцарт не ўхваліў...
I чаму б не сядзець спакойна сусветнаму вядомаму фізіку Дзмітрыю Сахараву на з’ездзе народных дэпутатаў? А ён, нібыта з дзіцячым наівам, пад гугаканне залы, упарта ішоў да трыбуны, хаця ведаў — пасля высылкі, пасля шматгадовага высочвання — большасці з прысутных, тым, хто кіраваў i вызначаў, даказаць нічога немагчыма. I ўсё ж... Ішоў, ведаючы, чым гэтае новае выпрабаванне можа скончыцца для яго... І скончылася...
... Чалавек ва ўладзе Дару... Дадзенага яму, каб перадаць, выявіць непаўторнасць, адзінкавасць Быцця. Вядомае i невядомае. Бясконцае i лёсавызначальнае. У тым спосабе выяўлення, што наканаваны Звыш. Мабыць, тут Звыш дадзеная ўнутраная вызначанасць індывідуальнага Быцця, якому сам чалавек надае накірунак i сэнс. „ Абсяг падсвядомага ў генія не паддаецца вымярэнню” (Б. Пастарнак).
Нястрымны ў сваіх вялікіх задумах Мікельанджэла; магутны ў адухоўленай размове з вечнасцю Бах; вялікі ў сваім адчуванні сапраўднага духу i маштабу часу Бетховен; ці не адзіны ва ўменні спалучыць сусветнае (вселенское), агульначалавечае i асабістае Блок; шматаблічны ў выяўленні сутнасді душы — ў адзінаборстве з жыццём — Сальвадор Далі; непараўнаны ў спалучэнні філасофскіх абагульненняў i паэтычнай вобразнасці, што мае вытокам гармонію ў слове, у архітэктуры, музыцы, жывапісу — Цыпрыян Норвід...
... Геніі... Таленты... Нехта ўспыхваў i згараў. Як свечка. Як знічка — што падае недзе там, у астральных прасторах... Як Лермантаў... Максім Багдановіч... Сяргей Ясенін. Персі Бішы Шэлі.