Беларусі ў артыкуле ня будзе. XX стагодзьдзе для АРА ў Беларусі завершыцца зьнямелым маўчаньнем акадэмічнай нацыянальнай гістарыяграфіі.
Праца над гэтай кнігай пачалася восеньню 2000 году, калі я выпадкова пабачыў сваё прозьвішча ў лістох зь Беларусі Гербэрту Гувэру. Тады ж, у сэрыі перадачаў «Лісты з Каліфорніі», якую я вёў з Гувэраўскага інстытуту, на Радыё Свабода ўпершыню прагучалі згадкі пра дзейнасьць АРА ў Менску, Віцебску, Гомелі. Але грунтоўнае дасьледаваньне патрабавала нашмат больш часу. Гэтак званы «расейскі» архіў АРА ў Каліфорніі складаецца з 555 скрынак, у кожнай некалькі сотняў старонак машынапіснага тэксту — службовая перапіска, загады, справаздачы, тэлеграмы, фінансавыя дакумэнты, пераклады мясцовага друку… Асобна захоўваюцца нефарматныя матэрыялы й ілюстрацыі.
Апроч таго, у калекцыі Гувэраўскага інстытуту адсутнічала адна надзвычай важная рэч — дакумэнты другога боку: савецкія архіўныя матэрыялы, публікацыі мясцовага пэрыядычнага друку. Іх трэба было шукаць у Беларусі.
Два гады пасьля вяртаньня з Каліфорніі пайшлі на гэтую працу. У сакавіку 2003 у эфір выйшла першая перадача цыклю «АРА ў Беларусі. 1922–1923. Невядомыя старонкі амэрыканскай дапамогі». На працягу чатырох месяцаў слухачы маглі пазнаёміцца з гісторыяй амэрыканскай дапамогі, якая ратавала жыцьці й здароўе сотняў тысяч жыхароў краіны. Апошняя, трыццатая перадача прагучала ў чэрвені й прыпала на 85-я ўгодкі завяршэньня апэрацыяў АРА ў Беларусі. У апошнім выпуску ўзяў удзел унук Гербэрта Гувэра.
Напачатку 2004 году ў Менску выйшаў з друку 6 том (кніга ІІ) Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі (ЭГБ). Там упершыню зьявіўся артыкул, прысьвечаны ААД — так у выданьні скарочана называецца Амэрыканская адміністрацыя дапамогі. Падрабязны, пабудаваны на фактах нарыс аднаўляе гістарычную справядлівасьць і ўпершыню аддае належнае ролі АРА ў Беларусі.
Удакладненьня патрабуюць хіба лічбы дапамогі. Аўтар энцыкляпэдычнага артыкула Ўладзімер Снапкоўскі, даючы агулам карэктную панараму дзейнасьці АРА, грунтуе яе на працы Алесі Кіпель «Амэрыканская адміністрацыя дапамогі (АРА) у Беларусі», апублікаванай у ЗША ў 1978 годзе. Аўтар двойчы піша, што сума дапамогі савецкім рэспублікам ў 1919–1924 гадох склала 63 мільёны даляраў і Беларусь атрымала 4,5 % гэтай дапамогі. (Так у А. Кіпель, на якую спасылаецца ЭГБ.)
Алеся Кіпель, у сваю чаргу, бярэ гэтыя лічбы з кнігі амэрыканскіх статыстыкаў Франка Сэрфэйса й Рэйманда Блэнда «Амэрыканскі харч ва ўсясьветнай вайне і ў пэрыяд рэканструкцыі». Гэтая праца прысьвечаная ўсёй дапамозе, ажыцьцёўленай пад кіраўніцтвам Гувэра ў 1914–1924. Гэтае дзесяцігодзьдзе падзеленае ў кнізе на чатыры пэрыяды, у рамках якіх і разьмеркаваныя падрабязныя статыстычныя зьвесткі. Апошні разьдзел «Пэрыяд рэканструкцыі» ахоплівае 1919–1924. Сюды, апроч іншага, уключана й дапамога Расеі — савецкім рэспублікам.