— Ну, дык бывай!.. Мне ўжо пара!..
Моцна паціснуў мне даланю і, спяшаючыся, пакрочыў дарогай у напрамку Старога Сяла. Я глядзеў яму ўслед: ці азірнецца?.. Не азірнуўся… Ён хутка знік у сяйве з месячных промняў на ўскраіне Старога Сяла. Я падумаў, што з ім можа нешта здарыцца: у Старым Сяле звычайна жылі і спыняліся падпольнікі, сексоты і чэкісты. Мы заўсёды абыходзілі яго зводдаль… Я доўга чакаў: а можа, прагучаць стрэлы?.. Можа, трэба будзе бегчы на дапамогу?.. Але ўсё было ціха…
Я павярнуўся і павольна пакрочыў на захад. Застаўся адзін… зусім адзін на ўсё пагранічча. Дарога мая была сумная. З ахвотай напіўся б, але не меў гарэлкі. У бровары пакінуў некалькі пляшак спірытусу ў бочцы, але гэта было далёка, за граніцай.
На світанні я апынуўся непадалёку ад граніцы. У Альшанцы лёг на багну паміж дзвюма купінамі ў ямку. Ззаду шумеў вялікі хваёвы лес і разносіўся гоман ручайка, які бег паблізу. Перада мной за доўгім пасам альшынак была пагранічная паласа, пасярэдзіне якой праходзілі засекі з калючага дроту, а ў іх у найбліжэйшай адлегласці ад мяне павінен быць прарыў, які ўчора ноччу выразаў нажніцамі.
На паласу выходзіць нельга. Калі там дзе-небудзь знаходзіцца засада (а ёсць дакладна), дык могуць дастаць мяне кулямі нават з вялікай адлегласці. Я павінен першым заўважыць іх.
Ляжу ў вільготнай ямцы. Трымаю ў руках два ўзведзеныя парабелумы. Гляджу паміж дрэў у напрамку граніцы. Бачу засеку і — крыху справа — у ёй прарыў. Тут чую ззаду лёгкі шолах. Азірнуўся. З купы ялін на балота вылецеў вялікі, не шэры, а парыжэлы, стары «конскі» воўк. У некалькі прыжкоў ён пераляцеў палову балота і лёг на вялікай купіне, ілбом да граніцы… Знаходзіцца ў дваццаці кроках ад мяне.
«Мусіць, у яго насмарк, — прыходзіць мне ў галаву думка, — інакш бы, напэўна, пачуў мяне».
У гэтую хвіліну воўк хутка адвярнуў галаву ўлева. На яго карку натапырыліся тоўстыя складкі скуры. Гляджу яму ў вочы. He ўцякае. Клацнуў зубамі.
Справа, на пагранічнай паласе, я пачуў крокі людзей… Спачатку вельмі ціхія, пасля штораз выразнейшыя. З-пад ніжніх галін альшынак бачу, як з-за занавесу, боты і сівыя шынялі трох чырвонаармейцаў. Чапаюць марудна, без ахвоты. Спыняюцца. Лаўлю носам ноздры тытунёвы дым… Моцна сціскаю ў руках зброю.
Прайшлі, аддаляюцца.
Воўк ірвануў з месца і праз некалькі скокаў вылецеў на паласу. Спяшаючыся, я падаўся за ім. Перад маімі вачыма паказалася шырокая адкрытая прастора пагранічнай паласы, узятая з двух бакоў, нібы ў раму, сценамі лесу… Воўк імчаў да драцянай засекі. Уляцеў у разрыў, зроблены мною мінулай ноччу, і знік у лесе на другім баку паласы.