Светлый фон

– Салдаты, ваша ганаровая задача цяжкая, вас чакаюць нялёгкія паходы, розныя нягоды і нястача ва ўсім. Але я глыбока веру ў вашу вынослівасць і сілу волі.

– Не балбатаў бы ты болей, – зрыфмаваў Швейк. Паручнік Дуб працягваў:

– Для вас, салдаты, няма такіх перашкод, якіх вы не маглі б пераадолець! Яшчэ раз, салдаты, паўтараю вам, што я вяду вас не да лёгкіх перамог! Гэта будзе цвёрды арэшак, але вы справіцеся з ворагамі! Гісторыкі ўсяго стагоддзя будуць пісаць аб тым, як вы ўмелі перамагаць!

– А ці не хочацца табе парыгаць? – зноў у рыфму сказаў Швейк.

I, быццам паслухаўшыся яго, паручнік Дуб, раптам, звесіўшы ўніз галаву, пачаў рыгаць у дарожны пыл, а, парыгаўшы, крыкнуў яшчэ раз: «Салдаты, наперад!», паваліўся на мяшок тэлеграфіста Хадоўнскага і праспаў да самай Туравы-Вольскай. Там яго нарэшце паставілі на ногі і па загаду надпаручніка Лукаша знялі з павозкі. надпаручнік Лукаш меў з ім вельмі доўгую і вельмі цяжкую для абодвух размову, пакуль паручнік Дуб не ачомаўся настолькі, што мог нарэшце заявіць: «Разважаючы лагічна, я зрабіў глупства, якое загладжу перад тварам непрыяцеля».

Зрэшты, ён апамятаўся не канчаткова, бо, адыходзячы да свайго ўзвода, пагразіў надпаручніку Лукашу:

– Вы мяне яшчэ не ведаеце, але вы мяне яшчэ ўведаеце!..

– Аб тым, што вы нарабілі, можаце даведацца ў Швейка, – адказаў надпаручнік Лукаш.

Таму перш чым скіравацца ў свой узвод, паручнік Дуб падыбаў да Швейка, якога знайшоў у таварыстве Балоўна і старшага пісара Ванака.

Балоўн якраз успамінаў аб тым, што ў сябе на млыне ён заўсёды трымаў у студні бутэльку піва. Піва было такое халоднае, што зубы заходзіліся. На млынах вечарам запівалі гэткім півам тварог са смятанай і цыбуляй, але ён з-за сваёй ненажэрнасці, за якую бог яго цяпер карае, пасля тварагу з’ядаў яшчэ ладны кавалак мяса. Зараз божая справядлівасць карае яго цёплай смярдзючай вадой са студні ў Тураве-Вольскай, у якую салдаты, што паўзводна бралі ваду ў той студні, павінны сыпаць ад халеры толькі што раздадзеную лімонную кіслату.

Балоўн выказаў думку, што гэтую кіслату раздаюць, напэўна, для таго, каб салдаты не адчувалі голаду.

Тут падышоў паручнік Дуб і, не будучы ўпэўненым у сабе, спытаў:

– Размаўляеце?

– Размаўляем, пан лейтэнант, – за ўсіх адказаў Швейк. – У нас размова ў самым разгары. Увогуле няма нічога лепей, як добрая размова. Зараз мы размаўляем пра лімонную кіслату.

Паручнік Дуб запрасіў Швейка крыху прайсціся з ім, ён хацеў бы пра нешта спытаць. Калі яны адышліся ўбок, ён спытаў з вялікім непакоем у голасе:

– Ці не пра мяне вы гаварылі?