Калі салдацік уваходзіў, яна яго адводзіла ў нейкую прыёмную ці што і клікала адну з «дзяўчатак», якая тут жа прыбягала ў адной сарочцы, перш-наперш патрабавала грошы; пакуль салдат адшпільваў штык, грошы на месцы забірала «мадам».
Афіцэрства хадзіла праз кавярню. Гэтая дарога была больш цяжкай, бо вяла праз заднія пакоі, дзе жылі паненкі, прызначаныя для афіцэраў. Тут красунь прыбіралі ў карункавыя кашулькі, тут пілі віно і лікёры.
У такім райскім куточку, поўным клапоў, на канапе ў адных кальсонах качаўся паручнік Дуб. На адлегласці выцягнутай рукі ад яго на століку стаяла бутэлька рабінаўкі і чаркі. З той прычыны, што бутэлька была спарожнена толькі напалову, а мадмуазель Эла і паручнік Дуб ужо не маглі звязаць і двух слоў, было зразумела, што выпрабавання нагрузкай паручнік Дуб не вытрымаў.
Швейк падышоў да канапы і, падаючы паручніку Дубу лісток з блакнота, адрапартаваў, скоса пазіраючы на параскіданыя ў кутку пасцелі часткі абмундзіравання.
– Асмелюся далажыць, пан лейтэнант, што вы згодна з загадам, які я вам тут уручаю, павінны неадкладна апрануцца і прыбыць у нашы казармы ў гімназію. Там ідзе вялікая вайсковая нарада.
Паручнік Дуб вырачыў на яго мутныя вочы, але ўсведаміў, што не настолькі п’яны, каб не пазнаць Швейка. Яму раптам здалося, што Швейка паслалі да яго на рапарт, таму ён прагаварыў:
– Зараз, Швейк, я з табой распраўлюся! Убачыш… што з табой… будзе…
– Налі мне яшчэ адну, – крыкнуў ён Эле.
Ён выпіў і, разарваўшы пісьмовы загад, зарагатаў:
– Гэта выбачэнне? У нас… ніякіх… выбачэнняў… Мы… на вайсковай службе… а не ў гімназіі… Дык… значыцца… цябе злавілі… у бардаку? Падыдзі да мяне… Швейк… я дам табе ў морду.
– Асмелюся далажыць, пан лейтэнант, – няўмольна стаяў на сваім Швейк, – гэта найстражэйшы загад па брыгадзе – панам афіцэрам апрануцца і ісці на батальённую нараду. Мы ж выступаем, цяпер ужо будуць вырашаць пытанне, якая рота пойдзе ў авангардзе, якая ў флангавым прыкрыцці, а якая ў ар’ергардзе. Гэта будуць вырашаць зараз, і я думаю, што вам, пан лейтэнант, таксама варта выказацца па гэтым пытанні.
Дыпламатычная прамова Швейка крыху ажывіла паручніка Дуба, і ён пачынаў здагадвацца, што ён не ў казармах, але з асцярожнасці ўсё ж спытаў:
– Дзе я?
– Вы маеце ласку быць у бардачку, пан лейтэнант. Паручнік Дуб цяжка ўздыхнуў, злез з канапы і пачаў апранаць сваё абмундзіраванне. Швейк яму дапамагаў. Калі паручнік Дуб нарэшце апрануўся, абодва выйшлі. Але Швейк тут жа вярнуўся і, не звяртаючы ніякай увагі на Элу, якая, надаўшы яго вяртанню не той сэнс, зноў палезла ў пасцель, хутка дапіў рэшту рабінаўкі і пашыбаваў за паручнікам.