– Вы, Швейк, усё можаце вытлумачыць надта правільна… – сказаў надпаручнік Лукаш і паскакаў наперад. Там калона разарвалася, бо пасля адпачынку ў поездзе непрывычны паход з поўным рыштункам стаміў усіх: балелі плечы, і кожны стараўся знайсці для сябе якую-небудзь палёгку. Салдаты перакладвалі вінтоўкі з аднаго пляча на другое, большасць ужо несла іх не на рэмені, а так, як носяць граблі ці вілы. Некаторыя думалі, што будзе лягчэй, калі яны пойдуць па канаве або па мяжы, дзе глеба пад нагамі ім здавалася мякчэйшай, чым на пыльнай шашы.
Большасць ішла, унурыўшы галаву, усе пакутавалі ад смагі, бо хоць сонца ўжо зайшло, было гррача і душна, як у поўдзень, і ні ў кога ў біклажцы не заставалася ні кроплі вады. Гэта быў першы дзень паходу, і нязвыклыя абставіны, якія былі як бы ўступам да яшчэ большых нягод, чым далей, тым больш рабілі ўсіх вялымі і знясіленымі. Салдаты толькі вылічвалі, колькі яшчэ ісці да Туравы-Вольскай, дзе, як яны меркавалі, будзе начлег. Некаторыя садзіліся ўскрай канавы і, каб гэта не выглядала адпачынкам, расшнуроўвалі чаравікі – можна было падумаць, што ў салдата кепска накручаны анучы і ён стараецца пераматаць іх так, каб у паходзе не нацерці ногі. Іншыя пакарочвалі або падаўжалі рамяні на вінтоўцы, а хто і развязваў кайстру ды перакладваў прадметы, якія былі ў ёй, пераконваючы саміх сябе, што робяць гэта толькі для таго, каб размеркаваць груз так, каб ён не адцягваў то адно, то другое плячо. Калі ж да іх набліжаўся надпаручнік Лукаш, яны ўставалі і дакладвалі, што ў іх недзе там цісне або што-небудзь падобнае; а некаторых такіх кадэт або ўзводны, згледзеўшы здалёк кабылу надпаручніка Лукаша, гналі наперад.
Аб’язджаючы калону, надпаручнік Лукаш ветліва прапаноўваў салдатам уставаць, бо да Туравы-Вольскай засталося кіламетры тры, і там будзе прывал.
Тым часам ад доўгай трасяніны на санітарнай двухколцы паручнік Дуб крыху апамятаўся, прынамсі ў той меры, каб высунуцца з двухколкі і крычаць на людзей са штаба роты, якія ўлегцы ішлі побач, бо ўсе, пачынаючы з Балоўна і канчаючы Хадоўнскім, паклалі свае кайстры на павозку. Толькі адзін Швейк бясстрашна ішоў паперадзе з кайстрай на спіне, перакінуўшы вінтоўку падрагунску на грудзі. Ён пыхкаў з люлькі і напяваў: Ішлі мы проста ў Ярамер, Калі не хочаш, дык не вер. I падаспелі мы да вячэры…
Больш чым у пяцістах кроках ад паручніка Дуба ўзнімаліся па дарозе клубы пылу, з якіх паказваліся паставы салдат. Паручнік Дуб, да якога вярнуўся запал, высунуўшыся з двухколкі, пачаў гарлапаніць у дарожны пыл: